Пра гэта «Новой газете» паведаміў адвакат Казімірава Іларыён Васільеў.
«Ён быў вызвалены 10 студзеня з прычыны заканчэньня гранічнага тэрміну ўтрыманьня пад вартай — 12 месяцаў, якія заканчваюцца 14 студзеня», — сказаў адвакат.
Пракуратура хадайнічала аб тым, каб прызначыць Казіміраву меру стрыманьня ў выглядзе забароны пэўных дзеяньняў, але суд адмовіў.
22-гадовага Андрэя Казімірава ў Беларусі абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9 жніўня 2020 году, яму пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Падчас разгону адной з акцый яго паранілі ў нагу гумовай куляй.
Калі актывісту стала вядома пра крымінальны перасьлед, ён зьехаў у Маскву. Там яго затрымалі 14 студзеня 2021 году і зьмясьцілі ў СІЗА № 4 Масквы. У красавіку Генпракуратура Расеі задаволіла запыт Беларусі на экстрадыцыю анархіста, але ЭСПЧ забараніў экстрадаваць анархіста ў Беларусь паводле Правіла 39 аб экстраных мерах.
Напярэдадні стала вядома, што з Расеі экстрадавалі беларуса Дзьмітрыя Падлобнікава, нягледзячы на забарону ЭСПЧ выдаваць яго на радзіму да 31 студзеня, па абвінавачаньні ў «прычыненьні маральнай шкоды» міліцыянту. 5 студзеня ў Падлобнікава заканчваўся тэрмін утрыманьня пад вартай.