— Калі табе прыйшла ў галаву думка перакласьці «Восень патрыярха»? І навошта?
— (Сьмяецца.) Мабыць, я апошні з усіх вакол мяне, каму такая думка прыйшла ў галаву. Яна спачатку прыйшла іншым людзям, якія ўгаварылі мяне, што я мушу гэта зрабіць. Найперш яна прыйшла ў галаву маёй жонцы, пасьля таго як мы прачыталі гэтую кніжку ў арыгінале. Потым гэтая думка прыйшла ў галаву выдавецтву Андрэя Янушкевіча. Ну, і нарэшце падзеі апошняга году ці паўтара ў Беларусі і ў сьвеце неяк падштурхнулі мяне на тое, каб паспрабаваць. Бо іначай я б ніколі не паверыў, што такое нешта можна перакласьці. Я пачаў перакладаць у сьнежні 2020-га, а скончыў у красавіку 2021-га.
— Нічога сабе! За пяць месяцаў ты пераклаў такі раман! А калі ты пасьпеў прачытаць арыгінал?
— Аднойчы, ходзячы па праскіх букіністычных кнігарнях, я натрапіў на кніжку калюмбійскага выдавецтва, кніжку маленькага фармату, непрыглядную, даволі загадкавага выгляду, і падумаў сабе: хай будзе. Яна ў мяне праляжала гадоў пятнаццаць, я некалькі разоў спрабаваў яе чытаць, але далей за першыя старонкі цяжка было прадзерціся.
Аднаго дня я стаў чытаць кніжку ўголас жонцы — у рамках нашага «хатняга радыётэатру». Я ўжо ня памятаю, якая была нагода і чаму мы ўзяліся чытаць менавіта «Восень патрыярха». У Вэсны гішпанская мова — адна з моваў, на якіх яна свабодна гаворыць, таму ёй разумець было вельмі лёгка. Мне было трохі больш складана, але не скажу, што вельмі цяжка. Там праблема была ня столькі ў мове, колькі ў самім тэксьце Маркеса. Чытаючы, мы захапляліся і стылем, і тэмай…
Чытаючы любую кніжку, ты прымерваесься да таго, як бы ты гэтую кніжку перакладаў. Пакуль мы чыталі «Восень патрыярха», я так і не прымерыўся, бо адчуваў, што перакласьці яе страшна цяжка, або і наагул немагчыма. І з такой думкай я жыў якія тры-чатыры гады, пакуль не настаў час, калі я адчуў, што трэба паспрабаваць. Паспрабаваў — і вось кніжка зьявілася.
— Разумею, што тваёй жонцы разумець Маркеса было лягчэй. А як табе — трэба было спачатку падцягнуць гішпанскую мову ці ты ўзяўся перакладаць «з ходу»?
— Мяне ў Інстытуце замежных моваў пяць гадоў навучалі францускай мове і два гады італьянскай, так што раманскія мовы не былі для мяне загадкай. Я б тут даў такое параўнаньне: вось мы з табой прыехалі ў Прагу і навучыліся чэскай мове, і калі б нам давялося перакладаць са славацкай, то што, мы не змаглі б? Структура гішпанскай мовы не была для мяне чужою, але часам трапляліся словы ці звароты, якія трэба было паглядзець у слоўніку. Так што вялікай лінгвістычнай цяжкасьці не было. Прытым я раней быў вывучыў партугальскую мову, якая да гішпанскай вельмі блізкая, так што францускай і партугальскай мне цалкам хапіла, каб безь вялікіх праблемаў успрымаць гішпанскую.
— Запытаю пра лексыку Маркеса. Ці вызначаецца яго мова нейкімі лексычнымі асаблівасьцямі ў параўнаньні са стандартнай гішпанскай, так сказаць, кастыльскай мовай? Былі там нейкія лацінаамэрыканізмы, якія немагчыма знайсьці ў стандартных слоўніках?
— Лексыка — гэта была адна зь цяжкасьцяў. Я тут адчуў сваю вялікую перавагу над усімі перакладчыкамі, якія пераклалі гэты твор трыццаць-сорак гадоў таму. Бо я сабе не ўяўляю, як яны перакладалі гэты твор бяз доступу да інтэрнэту. Я параўноўваў розныя пераклады і бачыў, што празь недаступнасьць да інфармацыі перакладчыкі не з усімі такімі праблемамі спраўляліся.
Сапраўды, лякальнай лексыкі ў Маркеса вельмі шмат, і ня проста паўднёваамэрыканскай, але і калюмбійскай, а часам і ня проста калюмбійскай, але і нейкай зусім мясцовай. Асабліва з рэгіёну каля гораду Баранкілья, які Маркес згадваў, калі расказваў пра незразумелыя словы і выразы ў гэтым рамане. У мяне ўвесь час, калі я працаваў, былі адкрытыя інтэрнэтныя слоўнікі лацінаамэрыканізмаў, калюмбізмаў, карыбізмаў… У бальшыні выпадкаў удавалася знайсьці, што Маркес хацеў сказаць і якую рэалію апісаў характэрным для свайго рэгіёну словам. Але я не ўяўляю, як гэта было сорак гадоў таму — перакладчык мусіў хадзіць па бібліятэках і шукаць слоўнікі, якіх, магчыма, тады і не было…
— У якія канкрэтна пераклады «Восені патрыярха» ты заглядаў, каб лягчэй расшыфроўваць тэкст Маркеса?
— Я меў штук шэсьць розных перакладаў. Альгарытм быў такі: я спачатку перакладаў і вырашаў усе праблемы, якія змог вырашыць сам. Калі зьяўляліся цяжкасьці, а часам і бяз гэтага, я заглядаў у тое, што зрабілі перада мной мае калегі. Часам гэта дапамагала вылавіць свае памылкі, якія непазьбежна здараюцца ў працэсе перакладу. Часам, вырашаючы нейкія праблемы зь месцамі ў тэксьце, якія нельга перакласьці адназначна і трэба прымаць сваё пэрсанальнае рашэньне, інтэрпрэтаваць напісанае Маркесам, — было цікава зазірнуць праз плячо папярэднікам, паглядзець, як з гэтым справіліся яны.
Зразумела, перадусім у мяне быў расейскі пераклад Карласа Шэрмана і Валянціна Тараса. Быў украінскі пераклад паэта і дыплямата Сяргея Баршчэўскага, які жыў і шмат гадоў працаваў на Кубе. Украінскі пераклад, вядома ж, быў з арыгіналу, але ў нейкіх неадназначных месцах перакладчык відавочна «пазычаў» рашэньні ў расейскага перакладу. Быў таксама ангельскі пераклад, вельмі гладзенькі і акуратны, даволі карэктны, але часам перакладчык спрашчаў нейкія рэчы. Былі яшчэ чэскі і польскі пераклады, таксама вельмі акуратныя і дакладныя, але, на маё суб’ектыўнае адчуваньне, як бы без душы, асабліва польскі.
— Я чытаў «Восень патрыярха» некалі па-польску, але, відаць, пераклад мне не зайшоў, бо нічога з таго чытаньня ня помню. Магчыма, таму, што пераклад, як ты кажаш, быў без душы. А потым я прачытаў расейскі пераклад, і ён мне моцна спадабаўся. Перш чым пагаварыць пра тое, як перакладалі Шэрман і Тарас, я хачу запытацца вось пра што. У «Восені патрыярха» вельмі даўгія сказы ды стыль моцна пакручасты і грувасткі. Ты раней перакладаў нешта супастаўнае па цяжкасьці з гэтым раманам Маркеса, ці такое табе трапілася ўпершыню?
— Гэта было ўпершыню, бо тэкст «Восені патрыярха» не пабудаваны паводле правілаў прозы. Ты кажаш — даўгія сказы… Нават цяжка сказаць, ці сказы гэта. Бо нармальна кожны сказ — гэта закончаная думка. А тут думкі ходзяць неарганізавана, адна асацыяцыя выклікае другую, чапляецца за трэцюю. Гэта паэзія бяз рыфмы і бяз рытму, запісаная ў радок.
«Восень патрыярха» — гэта шэсьць разьдзелаў, і кожны разьдзел — гэта адзін вялікі абзац, часам нейкія кропкі ёсьць, а часам іх доўга-доўга няма. Гэтыя разьдзелы пачынаюцца нармальна нейкай традыцыйнай празаічнай нарацыяй, але пасьля ўсё недзе заблытваецца, адбываюцца няспынныя падарожжы наперад і назад у раманным часе. Але ўсё разам складаецца ў найпрыгажэйшую мазаіку, пры жаданьні падзеі раману можна аднавіць у іх пасьлядоўнасьці — але для гэтага трэба чытаць яго зноў і зноў…
— І што, ты спачатку разблытваў гішпанскі тэкст для сябе, каб зразумець, што да чаго, а потым заблытваў яго ў беларускай мове, каб беларускаму чытачу было гэтак сама цяжка, як табе пры чытаньні арыгіналу?
— Чытач павінен успрымаць пераклад больш-менш так, як бы гэта быў тэкст, напісаны мовай арыгіналу. Павінен быць захаваны спэцыфічны стыль твору. Зьмяніць гэты стыль — значыць зьмяніць дух кнігі. Дзе ў Маркеса кропка, там яна і ў мяне; дзе ў яго канчаецца нейкая думка, там яна канчаецца і ў мяне. Я нідзе не ламаў ягоную структуру, ягоную стылістыку. Гэтая кніжка чытаецца цяжка. Яна чытаецца цяжка па-гішпанску, яна павінна чытацца цяжка і па-беларуску. Так гэты твор і перакладаецца ў сьвеце, з адным істотным выключэньнем…
— Падчас свае працы ты ў Фэйсбуку час ад часу крытыкаваў расейскі пераклад «Восені патрыярха» Карласа Шэрмана і Валянціна Тараса. Можаш тут сказаць пра свае галоўныя прэтэнзіі да іхнага перакладу?
— Мае заўвагі да расейскамоўнага перакладу нашых дарагіх Карласа Шэрмана і Валянціна Тараса я б не назваў крытыкай. Маёй першай рэакцыяй было зьдзіўленьне, якое па меры працы над перакладам перайшло ў разуменьне таго, штó здарылася і чаму. Але гэтае разуменьне таксама неадназначнае, бо тут непазьбежна ўзьнікаюць пытаньні тэорыі і практыкі перакладу.
Вось жа, перакладчыкі на расейскую ў бальшыні выпадкаў палічылі стыль, сынтаксіс і пунктуацыю Маркеса занадта сьмелымі і авангарднымі для савецкага чытача часоў позьняга брэжневізму — і вырашылі гэтаму чытачу трошкі спрасьціць чытаньне. Яны расставілі кропкі там, дзе адна думка канчаецца і пачынаецца іншая. Пазначылі простую мову, якая ў арыгінале не выдзяляецца ніякай пунктуацыяй — часта фразу пачынае адзін пэрсанаж, а працягвае іншы, і гэтае пераключэньне часам бывае незаўважнае, думаю, што і сам Маркес не заўсёды ведаў, хто якія словы прамаўляе. А дарагія Карлас і Валянцін усюды расставілі двукосьсі і напісалі: сказаў сёй, зазначыў гэты, выкрыкнуў той.
Улічваючы, што тэкст Маркеса — гэта насамрэч паэзія, можна сказаць, што перакладчыкі перапісалі паэзію прозай. Гэта самая простая характарыстыка іхнага перакладу. Яны раскрылі мэтафары, запоўнілі эліпсісы, расьпісалі адкрыта тлумачэньні, якія застаюцца па-за радком у Маркеса, растлумачылі нейкія намёкі, нават не ў камэнтарах, а ў самім тэксьце. У Шэрмана і Тараса тэкст атрымаўся ў нейкім сэнсе багацейшы, нават і чыста арытмэтычна: тэкст іх перакладу на 25 працэнтаў даўжэйшы за арыгінал.
Паводле ўспамінаў Шэрмана і Тараса можна рэканструяваць іхны працоўны альгарытм: Шэрман чытаў тэкст, перакладаў яго больш-менш падрадкоўна дакладна, а Тарас слухаў гэтае чытаньне, насычаўся энэргіяй твору і яго духам і запісваў усё гладка па-расейску. Атрымаўся тэкст вельмі дакладны, што тычыцца перадачы зьместу арыгіналу, але пры гэтым быў страчаны рытм, дыханьне тэксту, няспынная плынь нарацыі, дзе адлегласьць паміж кропкамі часам складае дзесяць-пятнаццаць старонак.
Што выйшла ў выніку? Гэты тэкст Маркеса, цяжкі для чытаньня ў арыгінале, зь лёгкай рукі Шэрмана і Тараса зрабіўся абсалютна гладкім і чытэльным для звычайнага савецкага чытача канца 1970-х. Можна было прачытаць яго не адрываючыся, як дэтэктыўны раман, таму што там усё было адаптавана дзеля зручнасьці для чытацкіх вачэй. Гэты тэкст сапраўды чытаецца вельмі лёгка і прыемна, ты ж яго таксама чытаў…
— Так, я прачытаў яго і, калі помніш, нават спрачаўся з табою, кажучы, што пераклад Шэрмана і Тараса вельмі добра чытаецца і наўрад ці спатрэбіцца яшчэ беларускі пераклад. Я, зразумела, не параўноўваў іхнага тэксту з арыгіналам…
— Я сказаў бы — у іх вельмі добры тэкст. Але слова «пераклад» я тут асьцерагаўся б ужываць… Для чытача тое, што зрабілі Шэрман і Тарас, — гэта плюс. Але застаецца пытаньне — ці можна гэта назваць перакладам у поўным сэнсе слова, калі 25 працэнтаў тэксту дапісалі перакладчыкі? Наколькі гэта ўсё яшчэ Маркес? Вядома ж, такія «адаптаваныя» пераклады — ня рэдкасьць у гісторыі літаратуры, але мне здаецца, што ў ХХІ стагодзьдзі наш чытач дарос ужо і да крыху больш складаных, не «разжаваных» тэкстаў.
— ОК. Цяпер крыху пра іншае. У сувязі з «Восеньню патрыярха» мне прыгадваецца, што гадоў 15 таму, калі я пісаў для нашага радыё яшчэ выключна па-ангельску, я напісаў тэкст, у якім паказваў на пэўныя паралелі паміж «архетыпічным і вечным дыктатарам» у рамане Маркеса і Аляксандрам Лукашэнкам. Зразумела, я тады таксама падкрэсьліў, што «Восень патрыярха» па-расейску ўпершыню выйшла ў Беларусі. Мне цікава, што пра такія паралелі ці дыктатарскія характарыстыкі скажаш ты…
— Вядома, у любога чалавека ў любой краіне, дзе існуе аўтарытарны або дыктатарскі рэжым, заўсёды будзе спакуса пашукаць у гэтым рамане нейкія паралелі. І я думаю, што ў любой такой краіне такіх паралеляў знойдзецца вельмі шмат. Каштоўнасьць гэтага раману ў тым, што ён вельмі ўнівэрсальны. Ён не сьпісаны зь нейкага канкрэтнага дыктатара. Дасьледнікі называюць зь дзясятак кіраўнікоў краінаў таго часу, калі Маркес жыў, з каго ён мог узяць нейкія дэталі або рысы для свайго дыктатара. Але гэты твор значна шырэйшы і значна большы, чым сытуацыя ў нейкай канкрэтнай краіне. Можна тут згадаць Оруэла, які пісаў свой «1984» у далёкім 1948-м і меў на ўвазе, напэўна, Вялікую Брытанію. Твор Маркеса можна прыстасаваць да любой сытуацыі ў любыя часы. Я думаю, што і пяць тысяч гадоў таму ў якой-небудзь Мэсапатаміі «Восень патрыярха» таксама чыталася б як актуальная літаратура.
— З трох «вялікіх раманаў» Маркеса на беларускую не перакладзены «Сто гадоў адзіноты». Як мне здаецца, гэта самы цікавы раман у Маркеса, і прытым даволі лёгкі для перакладу, калі параўноўваць з «Восеньню патрыярха» ці нават з «Каханьнем падчас халеры». Аднак ніхто пакуль не пераклаў. Чаму? Ты сам не спакусісься?
— Чаму не пераклалі — я ня ведаю. Здавалася б, гішпанская мова — зусім не экзатычная, і ў Інстытуце замежных моваў выкладаецца. Я думаю, знайшлося б нямала людзей, якія маглі б перакласьці такі твор, які, можна сказаць, ляжыць на паверхні. Як я не зьбіраўся перакладаць «Восень патрыярха», так і не зьбіраўся перакладаць «Сто гадоў адзіноты», хоць чуў зь непасрэднай блізкасьці розныя пажаданьні. Бо сапраўды, твор ня тое што цікавы — ён вельмі прыгожы і, мабыць, самы вядомы і самы папулярны ў Маркеса. У нармальных краінах «Восень патрыярха» ня лічаць за шэдэўр, за адну з найлепшых кніжак Маркеса. Гэта ўжо ў нашых ненармальных краінах мы маем да гэтай кніжкі нейкі большы сантымэнт. «Сто гадоў адзіноты» — адназначна найлепшая кніжка Маркеса ва ўсіх краінах сьвету. Перакладаць яе было б значна прасьцей, чым «Восень патрыярха». Ня ведаю, баюся загадваць. Паглядзім…