Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нашых дзетак ня будзе другога дзяцінства». Як блізкія палітвязьняў сустрэнуць Каляды і Новы год


Ілюстрацыйнае фота: турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота: турма ў Горадні

Тысячы беларусаў апынуліся ў 2021 годзе за кратамі. За камэнтары і падабайкі ў інтэрнэце, за выхад на вуліцу ў жніўні 2020-га. Дома іх чакаюць маці, дзеці, сёстры і браты, сябры. Як гэта — зімовыя сьвяты бяз блізкіх?

Свабода пагутарыла зь сем’ямі палітычных зьняволеных.

«Дачка як убачыць яго на экране тэлефона — радуецца і цалуе яго праз Viber»

30-гадовы Мікола Малюта жыў у Берасьці. На момант затрыманьня — 29 сакавіка 2021 году — ягоная жонка Аліна чакала дзіця. Іхная дачка Варвара нарадзілася 30 сакавіка, назаўтра пасьля затрыманьня. Муж не сустрэў Аліну з радзільні. І нават не павіншаваў — не з сваёй віны.

Суд прызнаў яго вінаватым у «масавых беспарадках» і пакараў пазбаўленьнем волі на тры гады.

Мікола Малюта
Мікола Малюта

«У нас дзьве дачкі, старэйшай два гады. Малодшай цяпер 9 месяцаў. У нас няма асаблівых традыцыяў, зьвязаных з Новым годам і Раством. На Новы год усё гатавалі разам. Адзначым — і спаць кладзёмся. На Раство хадзілі да бацькоў. Цяпер... Даю рады, але і бабулі-дзядулі, і людзі дапамагаюць», — кажа Аліна.

Цяпер радасьць у яе жыцьці — гэта званкі мужа з калёніі. Часам гэта звычайнае тэлефанаваньне, часам — з дапамогай відэа, праз Viber ці Skype. «Я ўяўляю, што Мікола не ў турме, а ў войску — так мне лягчэй. У студзені зьбіраюся на доўгатэрміновае спатканьне, вельмі чакаю яго», — кажа жонка вязьня.

Яна піша лісты Міколу двойчы на тыдзень. «Яму ад мяне хутчэй даходзяць, ад яго могуць ісьці два тыдні і больш», — зазначае Аліна.

Міколу яна з дочкамі ўжо павіншавала ў лісьце з Новым годам, тыя абрысавалі свае рукі, напісалі пажаданьні. «2022 — год Тыгра, гэта мой год. Таму спадзяюся, што мне будзе больш радасьці, чым сёлета, і Мікола вернецца. Старэйшай дачцэ кажу, што тата паехаў па працы. Яна яго бачыць толькі празь відэасувязь, адразу кажа: „О, тата!“ — і цалуе яго шматкроць, паказвае, як моцна любіць яго, нешта на сваёй мове лапоча, муж ледзьве не расплакаўся», — распавядае Аліна.

Яна расказвае, што калі набывае дзецям цацкі, заўсёды кажа, што гэта тата ім купіў. Мікола нават у калёніі здолеў замовіць дзецям падарункі і прыслаў ім. «Я, праўда, ня ведаю — праз інтэрнэт ці там у краме. Проста сказаў, што прыслаў падарункі», — дадае жыхарка Берасьця.

«Сьвяты стараемся сустракаць з надзеяй у сэрцы»

Палітык Павал Севярынец шмат разоў сядзеў на «сутках», адбываў пакараньне на «хіміі». Быў затрыманы 7 чэрвеня. Суд пакараў яго 7 гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі». Адбывае кару ў шклоўскай калёніі.

Павал Севярынец падчас суду
Павал Севярынец падчас суду

Дома Паўла чакаюць маці, сёстры, жонка Вольга і сын Францішак.

Сям’я сьвяткуе Раство, прычым двойчы — у каталіцкай і праваслаўнай традыцыі. Вольга — каталічка, Павал — праваслаўны.

«Гэтае сьвята для нас поўнае сямейнай утульнасьці, падарункаў, сустрэчаў з блізкімі і вялікага сэнсу, бо мы памятаем, нараджэньне каго сьвяткуем. Да Раства мы заўсёды больш адказна рыхтуемся. Маем свае калядныя традыцыі. Новы год таксама любім, але гэта менш важнае сьвята для нашай сям’і, яно больш успрымаецца як знакавы момант, магчымасьць адлічыць чарговы этап, падумаць над тым, што было, і заплянаваць новае. Апошнія гады на Новы год мы разам з Паўлам хадзілі ў касьцёл. Моцнае ўражаньне — сустракаць пералом старога і новага году ў храме з малітвай», — дзеліцца думкамі Вольга.

Бліжэй да сьвятаў Севярынцы ставяць ялінку, упрыгожваюць дом гірляндамі і вяночкамі — Францішак гэта вельмі любіць і актыўна дапамагае, кажа Вольга.

Вольга Севярынец з сынам Францішкам, архіўнае фота
Вольга Севярынец з сынам Францішкам, архіўнае фота

«На дзьверы кватэры звонку вешаем адмысловы вяночак і ў рамцы словы „Хрыстос нарадзіўся!“ — дзелімся сьвятам з усімі, хто мінае наш дом. На Куцьцю звычайна чытаем Біблію, дзелімся аплаткамі на каталіцкае Раство, молімся, размаўляем і файна праводзім час разам. Стараемся хадзіць у госьці ці самі прымаць дома гасьцей у гэтыя дні, езьдзім да бацькоў. Сёлета дадалася яшчэ батлейка ў садку ў Францішка — думаю, таксама стане нашай добрай традыцыяй. Хочацца больш такіх традыцыяў, але апошнія разы Павел на сьвяты то на „сутках“, то ў СІЗА, а яшчэ раней Францішак быў зусім маленькі, таму традыцыі ня выпрацаваныя, хоць вельмі хачу, каб яны былі моцныя і прыгожыя. Сямейныя традыцыі мы ствараем самі», — расказвае жонка зьняволенага.

Яна кажа, што Францішак — узорны хлопчык. «Мне здаецца, ён яшчэ ня ўмеў гаварыць „мама“ і „тата“, а ўжо ведаў маркі машын. Таму на ўсе сьвяты ён марыць пра адно і тое — пра новую машынку. Таму машынкі мы яму дарылі, дорым і, думаю, будзем яшчэ дарыць у будучыні. Але стараемся таксама вылучаць сярод падарункаў кнігі — гэта другое пасьля машынак захапленьне Францішка, і нейкія рэчы, якія будуць добрым успамінам з дзяцінства, — цацку ці рэч, якая будзе толькі Францішкава і якая будзе асацыявацца зь сям’ёй», — зазначае Вольга.

Павел стараецца на сьвяты даслаць Францішку адмысловы ліст і малюначак-віншаваньне. Вольга на сьвяты заўсёды рыхтуе асобны падарунак ад таты. Паводле сямейнай легенды гэты падарунак ад таты, як і лісты, прыносіць паштальён, бо тата яго так перадае.

«Летась мы сустракалі Раство зь сябрамі. Калі Павал ня побач, то ў сьвятаў зусім іншы настрой, але мы стараемся сустракаць іх з надзеяй у сэрцы. Як бы ні было, кожнаму году жыцьця маем за што быць удзячныя», — кажа Вольга.

Павал Севярынец за кратамі намаляваў партрэт жонкі
Павал Севярынец за кратамі намаляваў партрэт жонкі

«Празь лісты Павал выхоўвае Францішка, вучыць яго клапаціцца пра іншых, вучыць маліцца, піша гісторыі пра Радзіму, прыдумляе казкі і калыханкі. Павал піша Францішку асобны ліст, і ён звычайна прыходзіць у вялікай капэрце, бо да кожнага ліста прыкладзены малюнак — партрэт, малюнак машынкі ці храма. Францішак вельмі чакае лістоў ад таты, бывае, што разы тры на дзень просіцца, каб я схадзіла і праверыла паштовую скрыню — ці не прыйшоў ліст.

Мне здаецца, вялікая заслуга Паўла, што паміж ім і Францішкам на доўгім спатканьні пасьля паўтара году расстаньня не было ніякіх няёмкасьцяў, ім ня трэба было прызвычайвацца адзін да аднаго. Францішак проста сказаў: „О, тата, прывітаньне, давай лётаць самалёцікам!“, — і пайшоў да яго на рукі. Паша вельмі ўважлівы да сына — і ў лістах, і на кароткіх званках, і на рэдкіх спатканьнях. Мы стараемся даць Францішку разуменьне, што нават калі тата далёка, то ён усё роўна клапоціцца пра яго і вельмі любіць», — дзеліцца жонка палітзьняволенага.

Год таму Павал яшчэ быў на «Валадарцы». Ён пісаў жонцы, што на Новы год елі з суседам торт. Купілі каржы са згушчанкай у «атаварцы», узялі грэцкія гарэхі зь перадачы і зрабілі торт.

«Пра Раство ён казаў, што чыталі Эвангельле, памаліліся разам з сукамэрнікамі. На Акрэсьціна і на „Валадарку“ сьвятар да Паўла так ні разу і ня трапіў, хоць мы не адзін раз спрабавалі. У калёніі ў Шклове зараз капліца ёсьць, але сьвятара пакуль Павал ня бачыў, магчыма, на вялікае сьвята — на Раство ці Вялікдзень — зможа трапіць на набажэнства і прычасьціцца. Са споведзьдзю сьвятар прабіўся да Паўла, калі ён сядзеў яшчэ ў Магілёве — роўна год за кратамі. Мы цудам атрымалі дазвол на сустрэчу са сьвятаром у судзе, у СІЗА ж яго прапусьцілі паводле агульных правілаў — на спатканьне праз шкло і тэлефон, сярод іншых людзей, такая вось споведзь атрымалася, але хоць такая», — кажа Вольга.

«Будзем сустракаць Новы год, як і летась, — ніяк»

42-гадовая Вольга Філатчанкава выкладала ў БДУІР. Яе затрымалі ў «справе студэнтаў» 12 лістапада 2020 году. Выкладчыцу ўнівэрсытэту абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і пакаралі калёніяй на два з палавінай гады. Цяпер яна ў гомельскай калёніі, працуе на швальнай вытворчасьці — іншае працы там няма. У Вольгі двое дзяцей, на момант затрыманьня дачцэ Машы было 7 гадоў, сыну Івану — 18. Вольга выступала ў сумесным відэазвароце выкладчыкаў супраць гвалту.

Вольга Філатчанкава
Вольга Філатчанкава

Дома Вольгу чакаюць бацькі, сын і дачка.

«Як мы будзем сустракаць Новы год? Думаю, што ніяк — як і летась, бо тады Вольга была ўжо ў СІЗА. Я блага памятаю той Новы год, бо ўсе думкі былі пра Вольгу, пра перадачы, лісты. Я нават той Новы год не адзначаў. Лёг спаць каля 22.00 і ялінку ня ставіў. Памятаю толькі наведваньні СІЗА, перадачы... Летась унучка Маша была ня з намі на Новы год, сёлета — з намі, мы разам паставім ялінку, сустрэнем Новы год», — кажа Аляксей, тата Вольгі. Раней сям’я сустракала Новы год у Вольгі. «Ставілі ялінку, пад яе клалі падарункі. Нават ня ведаю, што хацела б Вольга ў падарунак, бо яе найпершы клопат быў не пра сябе, а пра іншых — менавіта яна займалася тым, каб знайсьці ўсім падарункі», — зазначае тата.

Цяпер Вольга ў гомельскай калёніі. Для сябе яна нічога ня просіць, толькі прасіла блізкіх, каб абавязкова паставілі дома ялінку.

«Я пастаўлю штучную. Неяк раней набылі. А Вольга, калі была на волі, ставіла жывую», — кажа Аляксей.

15 сьнежня ён і жонка былі на спатканьні з дачкой у гомельскай калёніі. Спатканьне кароткатэрміновае, на чатыры гадзіны. «Выглядае яна досыць добра, але сумная. На волі была весялейшая. Кажа, што шмат працы. Апроч асноўнай працы на швальнай вытворчасьці, шмат дадатковай — розныя дзяжурствы і ўсё такое. Відаць, робяць так, каб зьняволеныя ня мелі ніякага вольнага часу. Вольга нават ня мае магчымасьці пісаць доўгія лісты», — распавядае тата Вольгі.

Якія ў ягонай дачкі жаданьні на Новы год? Найперш — убачыць малодшую дачку Машу. «Шэсьць месяцаў прайшлі зь мінулага спатканьня, яшчэ ў СІЗА яна ня бачыла дачку. Можа быць, у студзені будзе доўгатэрміновае спатканьне і яна ўбачыць Машу. Так яна ня скардзіцца на ўмовы ці харчаваньне. Адзінае — ня супраць, каб прывезьлі ці даслалі яблыкаў ці апэльсінаў», — дадае Аляксей.

Меркаваны тэрмін вызваленьня Вольгі — 30 лістапада 2022 году.

Парады псыхоляга: «Не дамо сумным падзеям нашай краіны пазбавіць дзяцей сьвята»

Вікторыя Мельнікава
Вікторыя Мельнікава

«Вельмі сумная рэчаіснасьць у нас зараз. Можа здацца, што не да сьвята. Але трэба памятаць, што ў нашых дзетак ня будзе другога дзяцінства. Мусім зьберагчы для іх веру ў цуд, настрой сьвята, чаканьне добрага. Нашы дзеці ўспадкуюць традыцыі нашай сям’і, яны будуць апавядаць сваім дзецям пра сваё дзяцінства — ужо дзеля гэтага мы будзем сьвяткаваць Новы год i Раство. Не дамо сумным падзеям у нашай краіне пазбавіць дзяцей сьвята», — заклікае псыхоляг Вікторыя Мельнікава.

Яна раіць сем’ям, чые блізкія цяпер у турме, залучаць дзяцей у падрыхтоўку да сьвята, разам рыхтаваць падарункі — маляваць паштоўкі, складаць казкі, узгадваць і працягваць тыя традыцыі, якія былі ў сям’i дагэтуль. «Важна дазваляць i сабе, і дзеткам сумаваць, калі сумна. Бо гэта частка нашай рэчаіснасьці цяпер. Можна марыць, якой будзе сустрэча, што мы будзем рабіць, калi убачымся з блізкімі», — раіць псыхоляг.

Тлумачэньне дзецям, што такое турма, залежыць ад іх узросту.

«Калі дзіця дашкольнага ўзросту — можна апавядаць пра злога караля, які баіцца страціць уладу і ўсіх, хто яму пагражае, адпраўляе ў турму. Калі школьнік — можна тлумачыць бліжэй да рэчаіснасьці. Старайцеся быць сумленнымі зь дзецьмі, бо яны чуйныя да праўды. Калі вы ня маеце дзяцей, але адчуваеце віну перад дзеткамі, чые родныя ў турме, падарыце ім кавалачак цуду, сказаўшы: „Я ведаю, што твой тата / твая мама зараз ня можа гэтага, але калі б ён/яна былі побач, то зрабілі б гэта для цябе“. Памятайце, што цуд ня мае іншых рук, акрамя нашых», — нагадвае псыхоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG