Паводле паведамленьня беларускіх памежнікаў, польскі вайсковец Эміль Чэчка ня згодзен з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і з практыкай негуманнага абыходжаньня зь мігрантамі, менавіта таму ён зьвярнуўся па палітычны прытулак у Беларусі. У Твітэры апублікаваны фатаздымак, на якім прапагандыстка дзяржаўнага беларускага каналу размаўляе з імаверным польскім жаўнерам.
Станіслаў Жарын пацьвердзіў факт зьнікненьня польскага жаўнера, але абставінаў гэтага здарэньня ён не агучыў. На думку Жарына, паведамленьне беларускага боку можа быць непраўдзівым.
З заявай наконт зьнікненьня жаўнера выступіла кіраўніцтва адзінкі, дзе служыў зьніклы жаўнер:
«У чацьвер, 16 сьнежня, пасьля абеду, была зафіксаваная адсутнасьць жаўнера 11 артылерыйскага палка, які зьнік падчас выкананьня службовых заданьняў у ваколіцы мясцовасьці Нараўка, Семяноўка і Семяноўскае вадасховішча». — гаворыцца ў паведамленьні для прэсы.
Паведамляецца, што пошукі пачаліся адразу пасьля таго, як было заўважана зьнікненьне жаўнера, і працягваюцца да гэтага часу.
«Мы не пацьвярджаем інфармацыі ў некаторых СМІ пра нібыта ўцёкі жаўнера ў Беларусь. Мы высьвятляем гэтае здарэньне», — гаворыцца з звароце.
Эміль Чэчка нарадзіўся ў 1996 годзе ў горадзе Барташыцэ на паўночным усходзе Польшчы, непадалёк ад мяжы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі. Як паведаміла Gazeta Wyborcza, сваю зброю жаўнер пакінуў на базе, што каля Бельску Падляскага на Беласточчыне.
Эміль Чэчка зьяўляецца вайскоўцам 11-га Мазурскага артылерыйскага палка 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі, часткі якой былі перакінуты для забесьпячэньня аховы ўчастку мяжы зь Беларусьсю ў пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча на прымежных тэрыторыях Польшчы. Паводле польскіх СМІ, неўзабаве Чэчка павінен быў пакінуць армію.
15 сьнежня менавіта жаўнеры палка, у якім служыў Чэчка, выцягнулі чатырох мігрантаў з Сырыі і Іраку, якія загразьлі ў багне на беларуска-польскай мяжы. Іх знайшлі пры дапамозе вайсковага дрона. Дваіх з выратаваных шпіталізавалі.