Масавы суд над жыхарамі Ваўкавыску
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у Горадні 11 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць васьмі жыхароў Ваўкавыску.
Працэс вядзе судзьдзя Зінаіда Барцэвіч. Фігурантаў справы абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай амаль 10 месяцаў — з канца кастрычніка 2024 году.
Увосень 2024 году ў рэгіёнах Беларусі прайшла хваля затрыманьняў у «справе дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады». 29 кастрычніка 2024 году КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца 2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».
Супраць дзясяткаў людзей завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК («змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 357 КК, а пазьней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў. У ліпені 2025 году ў Беларусі пачаліся першыя масавыя суды ў гэтай справе.
Вырак за сацыялягічнае дасьледаваньне пра каранавірус у Беларусі
43-гадоваму Яўгену Красьнянскаму вынесьлі прысуд за сацыялягічнае дасьледаваньне пра каранавірус у Беларусі, піша «Вясна». Яго асудзілі на сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі узмоцненага рэжыму, а таксама на штраф 25 тысяч рублёў.
8 жніўня 2025 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Красьнянскага вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «здрада дзяржаве» і «ўхіленьне ад выплаты страхавых складак».
Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што Красьнянскі падрыхтаваў для адной з замежных арганізацыяў даследаваньне, якое нібыта зьмяшчае «загадзя ілжывыя зьвесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы прыманых захадаў у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй».
У Гомлі асудзілі адваката
У Гомлі асудзілі адваката Сяргея Хлыстова. Яму прысудзілі пазбаўленьне волі: дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.
Хлыстова абвінавацілі ў распальваньні варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК).
Пра затрыманне Сяргея Хлыстова разам з двума іншымі адвакатамі стала вядома ў красавіку. Пазьней дваіх адвакатаў вызвалілі, але аднаго з затрыманых – загадчыка юркансультацыі – звольнілі з пасады.