Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Паставіць да сьценкі і ўключыць камэру. Пра што сьведчаць «пакаянныя» відэа


Сілавікі з ГУБАЗІК разганяюць пратэст каля стэлы, былы кіраўнік ГУБАзіК Мікалай Карпянкоў ідзе наперадзе. Менск, 23 верасьня 2020 году.
Сілавікі з ГУБАЗІК разганяюць пратэст каля стэлы, былы кіраўнік ГУБАзіК Мікалай Карпянкоў ідзе наперадзе. Менск, 23 верасьня 2020 году.

Штодня ў праўладных прапагандысцкіх каналах — «пакаянныя» відэа схопленых ГУБАЗіКам людзей, уся віна якіх у тым, што падпісаліся «не на тыя» інфармацыйныя рэсурсы. Настаўніца, айцішнік, мэнэджар, мастачка, студэнт, журналіст. Галерэя расьце і множыцца.

Адна і тая ж карцінка. Разгублены, спалоханы, дэзарыентаваны чалавек недзе ў турме, на тле дзьвярэй з надпісам «Нормальное положение дверей закрытое». Ці то чытае, ці то паўтарае прадыктаваны кімсьці тэкст: прозьвішча, імя, узрост, заробак.

Часам яшчэ і падрабязнасьці асабістага жыцьця, сэксуальнай арыентацыі. «Быў падпісаны на дэструктыўныя каналы», «у жніўні мінулага году ўдзельнічаў у масавых беспарадках...»

У суправаджальным тэксьце аўтараў і рэжысэраў відэа — зьдзеклівы камэнтар і пералік «совершенных злодеяний». Вось тыповы прыклад:

«Вместе ходили поскакать на массовых беспорядках, друг друга радостно фотографировали, сохранили весь архив и не отписались от деструктивных каналов. А когда к ним из-за тех самых подписок пришёл ГУБОПиК, свидетельства совершенных злодеяний лежали прямо в телефонах...

Ну а помимо блокировки дорог она бегала по улицам с ленточками и цветочками, махала поганой БЧБ-тряпкой, фотографировалась на фоне дементивной бабушки, в общем, полный комплект... Теперь у каждого из этих невероятных помимо занимательного архива есть еще и по собственному уголовному делу, с чем мы их и поздравляем».

Запалохаць і прынізіць

Каб зразумець гісторыю кожнага такога відэа і стан чалавека, вымушанага агучваць дурнаваты прымітыўны тэкст, варта паставіць сябе на яго месца, уявіць, што адбылося ў ягоным жыцьці на працягу папярэдніх некалькіх гадзін. Раніцай — настойлівы грукат у дзьверы, пагрозы выламаць, калі не адчыніш. У тваё жытло ўрываецца натоўп агрэсіўных узброеных людзей.

Бесцырымонна пераварочваюць дагары нагамі шафы, камоды, шуфляды, рассыпаюць зьмесьціва слоікаў, паліц і пакетаў, пакідаючы пасьля сябе сьмецьце, бруд і гармідар. З асаблівым утрапеньнем і радасьцю выхопліваюць усё, што хоць аддалена нагадвае спалучэньне белага і чырвонага, нават калі гэта адзеньне, стужкі, парасоны, фатаздымкі ці паштоўкі. Усё гэта фатаграфуецца і ледзь ня ў той самы момант зьяўляецца на прапагандысцкіх каналах як доказ «совершенных злодеяний». Якая таямніца сьледзтва? Якое права на недатыкальнасьць жытла ці асабістага жыцьця? Забудзьце!

У цябе забіраюць тэлефон, кампутар, грошы, самога запіхваюць у мікрааўтобус і вязуць у турму.

Празь нейкі час выводзяць з камэры, прыстаўляюць да дзьвярэй і прапануюць запісаць «прызнальнае відэа». Можна толькі здагадвацца, якім чынам «угаворваюць» пагадзіцца. Застрашваюць? Катуюць? Пагражаюць гвалтам? Абяцаюць зьмякчыць абвінавачаньне? Шантажуюць лёсам блізкіх? Хутчэй за ўсё, у залежнасьці ад абставін прымяняецца і першае, і другое, і трэцяе.

Напэўна, пагаджаюцца ня ўсе. Але ў кожным разе немагчыма асуджаць гэтых маральна прыгнечаных, запалоханых, дэзарыентаваных людзей, якія абсалютна ні ў чым не вінаватыя, ні хвіліны не былі гатовыя да такога разгортваньня падзей і ў позірках якіх чытаецца толькі адно пытаньне: «За што?»

Разьлічваюць аўтары відэа на тое, што выгляд гэтых людзей выкліча агіду і страх. Насамрэч любога здольнага на суперажываньне чалавека ахоплівае пачуцьцё спагады, няёмкасьці, сораму, спачуваньня і жалю ад убачанага. Жалю з тае прычыны, што нічым ня можаш дапамагчы няшчаснаму чалавеку, які трапіў у бяду.

Жанр «пакаянных» відэа прыдумалі не ў ГУБАЗІКу і ўвогуле не ў Беларусі.

Адзін зь першых выпадкаў публічнага відэапрабачэньня — гісторыя, якая адбылася ў сьнежні 2015 году ў Чачэніі. Супрацоўніца рэабілітацыйнага цэнтру Айшат Інаева распаўсюдзіла праз WhatsApp аўдыёпаведамленьне, у якім расказала пра паказуху чачэнскага лідэра Кадырава і галечу, якая пануе ў многіх чачэнскіх сем’ях. Скончылася тым, што яе адвезьлі на сустрэчу з Кадыравам і ягонымі чыноўнікамі, падчас якой запісалі і потым паказалі на тэлевізіі відэа. На ім жанчына, не паднімаючы вачэй, прызнаецца, што ў яе «затуманіўся розум», і адмаўляецца ад сваіх ранейшых словаў.

Празь некалькі дзён яшчэ аднаго чачэнца, які адважыўся крытыкаваць Кадырава, — Адама Дзікаева — прымусілі перад камэрай хадзіць без штаноў па бегавой дарожцы і сьпяваць песьню «Мой лучший друг — это президент Путин».

Пазьней гэтая практыка распаўсюдзілася і ў іншых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі. Але, здаецца, нідзе ў Расеі гэта не набыло такога размаху, як у сёньняшняй Беларусі.

Рытуал віны і ганьбы

Асабіста для мяне ўсё гэта — сьведчаньне таго, што закон і асабістая свабода чалавека і грамадзяніна ў сёньняшняй Беларусі канчаткова зьнішчаныя. Што надзеленыя ўладай «сілавікі» абсалютна расьперазаныя і не абмежаваныя ніякімі ні юрыдычнымі, ні маральнымі нормамі. І што людзям, якія застаюцца ў Беларусі, трэба рабіць з гэтага адпаведныя высновы.

Я сваім знаёмым раю знайсьці і перачытаць старыя кніжкі пра падпольшчыкаў і партызанаў. Акурат цяпер прачытанае некалі ў маленстве ўспамінаецца без усялякай іроніі. Карнікі, урываючыся ў хаты і кватэры, арыштоўвалі за знойдзеныя сьцяг, улёткі, радыёпрымач (ёсьць прымач — значыць, слухае варожае радыё). Былі б у той час смартфоны і інтэрнэт — без сумневу, быў бы і жанр «відэапрызнаньняў». Людзі вучыліся выжываць у тых нялюдзкіх умовах: кансьпірацыя, асьцярожнасьць, уменьне захоўваць тайну часта былі адзіным паратункам.

На задуму стваральнікаў відэа, гэты рытуал віны і ганьбы павінен выклікаць жах і здранцьвеньне. Гледачам нібыта хочуць сказаць: вось яны, вашы героі, прыніжаныя і запалоханыя. З вамі будзе тое ж, калі не заткняцеся.

Але помста і страх выклікаюць ня толькі пакору. Ды і сама пакора часта толькі вонкавая. Можна толькі здагадвацца, якія пачуцьці бушуюць у душах тых, хто быў такім чынам прыніжаны і зьняважаны. І які выхад потым знойдзе гэта энэргія прыніжэньня і крыўды.

Драматычны, чорны для Беларусі 2021-ы адлічвае апошнія тыдні. Палітвязьняў каля 1000, але гэтая лічба няспынна расьце, і насамрэч тых, хто прайшоў праз гвалт і зьдзекі, многія тысячы. Часам здаецца, што рэжым гатовы пасадзіць перад відэакамэрай у СІЗА палову народу — і каб каяліся, каяліся, каяліся. Краіну захліснула хваля нянавісьці, нецярпімасьці, помсты. Патрэбны немалыя высілкі, каб і цябе не падхапіла гэтая зьнішчальная хваля.

Спружына нянавісьці і нецярпімасьці пакуль толькі сьціскаецца. А той, хто яе сьціскае, здаецца, зусім ня думае пра тое, што здарыцца, калі яна пачне выпроствацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG