Пра гэта заявіла Сьвятлана Ціханоўская падчас онлайн-дыскусіі «Пляны беларускіх дэмакратычных сіл на наступны год».
Яна ахарактарызавала адыходзячы год як самы жорсткі ў гісторыі незалежнай Беларусі з пункту гледжаньня маштабу палітычных рэпрэсій. «Закрыта 241 няўрадавая арганізацыя, 40 СМІ. Рэжым завёў больш за 4,5 тысячы палітычна матываваных крымінальных спраў, 929 чалавек прызнаны палітзьняволенымі», — пералічыла яна.
На думку Ціханоўскай, «гэта быў цяжкі год, рэжым усё яшчэ ў Менску, тым ня менш яго памылкі паказваюць, наколькі ён ня ўпэўнены ў сабе і нестабільны». У якасьці прыкладаў экс-кандыдатка ў прэзыдэнты прывяла прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску ў траўні, спробу прымусовага вяртаньня з алімпійскага Токіё спартоўкі Крысьціны Ціманоўскай, міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.
«Мы чулі пагрозы разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю, прызнаць Крым расейскім і пачаць вайну, — дадала яна. — Тым ня менш мы змаглі шмат чаго дасягнуць за гэты год: мы захавалі адзінства і энэргію, сотні НДА і СМІ знайшлі ў сабе сілы зноў адкрыцца за мяжой. Беларусы не адмовіліся ад нашых намераў, людзі не перагарнулі старонку».
На думку лідэра, большасьць жыхароў Беларусі вераць у магчымасьць вырашэньня палітычнага крызісу праз правядзеньне свабодных выбараў.
«І 2022 год стане годам, у якім неабходна перагрупавацца, сфармаваць устойлівасьць і пачаць працэс дэмакратызацыі», — лічыць Ціханоўская.
Акрамя працы над непрызнаньнем канстытуцыйнага рэфэрэндуму, сілы дэмакратычных арганізацый, паводле палітыка, будуць накіраваны на ўзмацненьне бясьпекі актывістаў і прыцягненьне чыноўнікаў і сілавікоў «на наш бок».
Прадстаўнікі Ціханоўскай прадоўжаць распрацоўку прапаноў у рэфармаваньні эканомікі, выбарчага працэсу, адукацыі і аховы здароўя, а таксама праекту Канстытуцыі, які прадугледжвае рэальны падзел улад.
Іншымі напрамкамі працы, адзначыла экс-кандыдат, стануць падтрымка самвыдату і плятформаў салідарнасьці з тымі, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Таксама размова ідзе аб падтрымцы беларускага бізнэсу ў краіне і за мяжой, пошуку мэханізму перадачы ў Беларусь эўрапейскіх вакцын ад каранавірусу, прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у рэпрэсіях у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі і стварэньне адпаведнага міжнароднага трыбуналу.