Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія «Дана Астра», якая трапіла пад санкцыі, праз суд патрабуе выдаліць артыкул з EUobserver


Будаўніцтва бізнэс-цэнтру «Дана Астра» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, 2018 год
Будаўніцтва бізнэс-цэнтру «Дана Астра» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, 2018 год

Эўрапейскае выданьне EUobserver паведамляе, што на яго падала ў суд кампанія «Дана Астра» — адна зь фірмаў, што ўваходзяць у групу кампаній «Дана Холдынгз» бізнэсоўцаў сэрбскага паходжаньня братоў Карычаў.

EUobserver інфармуе, што забудоўнік патрабуе выдаліць артыкул пра кампаніі, якія могуць быць зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымліваць ад гэтага прэфэрэнцыі.

«У лістападзе кампанія ініцыявала справу ў судзе першай інстанцыі Брусэля, сьцьвярджаючы, што тая гісторыя нанесла шкоду гонару рыэлтарскай кампаніі, стварыўшы ілжывае ўражаньне, што яна атрымала льготы дзякуючы сувязям зь Ліліяй Лукашэнкай, нявесткай кіраўніка Беларусі.

Аднак усе факты ў нашым артыкуле пацьверджаныя афіцыйнымі дакумэнтамі. „Дана Астра“ нават не адмаўляе гэтыя факты. Проста спрабуюць перашкодзіць нам займацца журналістыкай. Гэтага ня будзе», — адрэагаваў на пазоў галоўны рэдактар EUobserver Керт Дэбэф.

EUobserver нагадвае, што сёлета ў красавіку, апынуўшыся ў санкцыйным сьпісе, «Дана Астра» падала пазоў да Рады Эўразьвязу. Кампанія мела пытаньні да высновы, што яна «здабывае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі ці падтрымлівае яго».

У сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шэрагу фізычных і юрыдычных асобаў Беларусі, у лік якіх трапіў найбуйнейшы забудоўнік Менску з сэрбскімі каранямі.

Паводле публікацыі ў EUobserver, «Дана Холдынгз / Дана Астра» непразрыста атрымала зямельныя надзелы пад забудову буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў, а Лілія Лукашэнка займае ў кампаніі высокую пасаду. Адпаведна, фірма атрымлівае выгаду ад рэжыму і, такім чынам, падтрымлівае яго.

Санкцыйныя абмежаваньні ўключаюць замарозку рахункаў, а таксама забарону рэзыдэнтам Эўразьвязу непасрэдна або апасродкавана даваць фігурантам «чорнага сьпісу» доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць зь імі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG