Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня КДБ заклікаў на саміце спэцслужбаў у Сэуле да даверу і абмену інфармацыяй


Андрэй Чарнецкі
Андрэй Чарнецкі

Беларускі пасол у Паўднёвай Карэі Андрэй Чарнецкі, які да восені гэтага году ўзначальваў Галоўнае ўпраўленьне КДБ, выступіў на глябальным саміце спэцслужбаў у Паўднёвай Карэі.

На сустрэчы ў Сэуле ён сядзеў паміж былым паслом ЗША ў Карэі Кэтлін Стывэнс і былым кіраўніком карэйскай місіі ЦРУ ў Карэі Эндру Кімам.

У сваім выступе Чарнецкі гаварыў пра неабходнасьць сумесных дзеяньняў на карысьць вырашэньня глябальных выклікаў для чалавецтва. Напрыклад, ён заявіў пра неабходнасьць працы над вакцынамі супраць каранавірусу і роўнага доступу да іх.

26 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што ня бачыць сэнсу завозіць у Беларусь заходнія вакцыны ад ковіду. Ён лічыць, што прадстаўленыя ў Беларусі расейская і кітайская вакцыны зарэкамэндавалі сябе значна лепш за заходнія аналягі.

Таксама Чарнецкі гаварыў пра патрэбу ўзаемнага даверу паміж спэцслужбамі і неабходнасьць абмену інфармацыяй паміж імі для вырашэньня кантравэрсійных пытаньняў.

Чарнецкі, які працаваў у КДБ з 1997 да 2021 году, працуе паслом у Паўднёвай Карэі з кастрычніка 2021 году.

Апошнім часам сілавікі ня раз станавіліся пасламі. На дыпляматычную працу перавялі былога дзяржсакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова, генпракурора Аляксандра Канюка, кіраўніка ДМК Юрыя Сянько.

Саміт у Сэуле, які пачаўся ў панядзелак, ладзіць Інстытут стратэгіі нацыянальнай бясьпекі (Паўднёвая Карэя). Гэта штогадовая канфэрэнцыя, на якую запрашаюцца экспэрты ў галіне выведкі і бясьпекі, каб падзяліцца думкамі пра бясьпеку і мір у Паўночна-Ўсходняй Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG