Эўразьвяз вылучае дадатковыя 30 млн эўра на дапамогу, сярод іншага, беларускім незалежным СМІ, паведаміла ў нядзелю кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
«Эўразьвяз падтрымлівае беларускі народ у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Сёньня мы ўзмацняем нашу падтрымку, вылучаючы дадаткова 30 млн эўра на дапамогу моладзі, незалежным СМІ, малому і сярэднему бізнэсу, дзеячам культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь», — напісала яна ў твітэры.
«Беларускі народ мае законнае права вызначаць далейшы шлях сваёй краіны. Эўразьвяз з народам Беларусі. Маем эканамічны і інвэстыцыйны пакет у 3 мільярды эўра, падрыхтаваны для дэмакратычнай Беларусі», — дадала яна.
12 сьнежня кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен сустрэлася зь Сьвятланай Ціханоўскай. У траўні фон дэр Ляен паведаміла Ціханоўскай аб зацьвярджэньні Пляну дапамогі ЭЗ для дэмакратычнай Беларусі у памеры 3 мільярдаў эўра. Сёньня, падчас першай асабістай сустрэчы, яны абмеркавалі разьвіцьцё адносінаў Беларусі і ЭЗ цяпер і пасьля сыходу Лукашэнкі.