Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад забараніў вывозіць зь Беларусі пшанічную муку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такое рашэньне зацьвердзіў Савет міністраў 10 сьнежня.

Цягам трох месяцаў нельга будзе вывозіць з краіны муку зь мяккай пшаніцы і спельты. Абмежаваньні датычаць краінаў за межамі ЕАЭС. Выключэньне складае гуманітарная дапамога замежным дзяржавам.

Раней старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў — каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь». Аглядальнікі ацанілі гэта як адказ на ўвядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.


У пастанове вызначаны пералік тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.


У пералік забароненых тавараў уваходзяць:

  • жывыя сьвіньні,
  • мяса буйной рагатай жывёлы, сьвежае альбо ахалоджанае,
  • мяса буйной рагатай жывёлы замарожанае,
  • субпрадукты буйной рагатай жывёлы і іншых жывёлаў (у тым ліку сьвіней, авечак, козаў, аслоў),
  • мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі,
  • мяса салёнае, у расоле, сушанае і вэнджанае, харчовая мука зь мяса і мясных субпрадуктаў,
  • малако і малочная прадукцыя, за выключэньнем безьляктознай прадукцыі,
  • гародніна, за выключэньнем той, што выкарыстоўваецца для пасеву,
  • садавіна і арэхі,
  • тлушч сьвіней, птушкі, авечак і козаў, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы,
  • каўбасы і аналягічныя прадукты,
  • кандытарскія вырабы (акрамя какава-парашку),
  • соль.

2 сьнежня Эўразьвяз увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключылі 17 фізычных асоб і 11 арганізацый. У адказ кіраўніцтва краіны заявіла, што падрыхтуе «асымэтрычныя» крокі. Празь некалькі дзён пасьля таго новыя абмежаваньні ўвялі ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG