Новая міністарка замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбак падчас першага пасьля яе ўступленьня на гэтую пасаду візыту ў Польшчу заклікала Варшаву дапусьціць гуманітарную дапамогу да мігрантаў, якія знаходзяцца на польска-беларускай мяжы.
Пра гэта паведамляе DW.
На фоне шантажу з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Нямеччына цалкам салідарная з Польшчай і балтыйскімі дзяржавамі, заявіла Бэрбак сёньня пасьля заканчэньня сустрэчы з кіраўніком МЗС Польшчы Зьбігневам Раў.
«Але я хачу і сказаць з усёй дакладнасьцю, што празь нізкія тэмпэратуры нам неабходна забясьпечыць дастаўку гуманітарнай дапамогі ў прымежны рэгіён па абодва бакі мяжы», — сказала кіраўніца нямецкага МЗС.
Людзі, якія сталі ахвярай гэтых цынічных гульняў, не вінаватыя ў такой сытуацыі, яны маюць патрэбу ў дапамозе, падкрэсьліла Бэрбак.
У сваю чаргу, Раў чарговым разам заявіў аб патрабаваньнях Польшчы кампэнсаваць шкоду, нанесеную ёй у гады Другой сусьветнай вайны. «Мы чакаем ад новага ўраду Нямеччыны гатоўнасьці прызнаць сваю адказнасьць у сувязі з гэтым, у тым ліку ў форме перамоваў аб кампэнсацыях і рэпарацыях», — адзначыў ён.
Паводле польскага міністра, размова ідзе аб кампэнсацыях за тыя польскія помнікі культуры, творы мастацтва, архівы і бібліятэкі, якія былі разбураныя ня ў выніку ваенных дзеяньняў, а «як вынік імкненьня акупацыйнай улады сьцерці іх са спадчыны чалавецтва».
Як паведамляе сайт польскага ўраду, Зьбігнеў Раў выказаў задавальненьне пунктам кааліцыйнага пагадненьня новага нямецкага ўраду аб стварэньні ў Нямеччыне месца памяці польскіх ахвяраў Другой сусьветнай вайны.