Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А што ты добрага зрабіў для краіны?!» Падлетак падаў у Літве заяву на беларускіх міліцыянтаў, якія зьбілі яго летась


Арсені Захарэвіч, архіўнае фота
Арсені Захарэвіч, архіўнае фота

17-гадовы Арсені Захарэвіч стаў уцекачом і цяпер жыве з бацькамі ў Літве. У жніўні 2020 году яго зьбілі міліцыянты ў Барысаве. Ягоная маці Юлія Чарных дабівалася пакараньня для сілавікоў, але крымінальную справу распачалі на яе.

11 жніўня 2020 году Арсені Захарэвіч гуляў зь сябрамі ў цэнтры Барысава.

«Яшчэ на падыходзе да плошчы адзін міліцыянт пачаў чапляцца да мяне, патрабаваў для чагосьці паказаць рукі і сказаў: „Каб я цябе, с*ка, тут ня бачыў!“. Я пайшоў праводзіць дзяўчыну. На зваротным шляху мяне спынілі трое міліцыянтаў і супрацоўнікі ўнутраных войскаў — і пачалося. Білі па шыі, па галаве, пад дых, потым павезьлі ў бок плошчы. Там стаяў іх службовы транспарт. Паклалі на асфальт. Паглядзелі мой тэлефон, ім нешта не спадабалася, і пачалі біць — дручкамі, нагамі, па сьпіне, па азадку... Я спытаўся: „За што?“. Міліцыянт схапіў мяне за валасы, падняў маю галаву і закрычаў у твар: „А што ты добрага зрабіў для краіны?!“» — расказваў падлетак.

Па словах хлопца, зьбіцьцё працягнулася і ў РАУС. Потым у аддзел міліцыі прыйшла маці Арсенія і ўбачыла, што сын пабіты.

«Я сказала, што буду пісаць заяву пра біцьцё, а інспэктар пачала мне пагражаць, што „пабойцеся наступстваў“. Потым нас пераводзілі з кабінэта ў кабінэт, і зьявіўся наш участковы. Ён пры мне пачаў біць сына! Схапіў за плечы, пачаў выкручваць галаву, я пачала крычаць на яго. Потым міліцыянты пачалі на нас наяжджаць: „Чаму ён там быў, чаго ён туды ішоў?“» — расказвала Юля.

Юлія Чарных зьняла пабоі сына, пісала заявы ў міліцыю і пракуратуру. Замест пакараньня міліцыянтаў крымінальную справу распачалі ў дачыненьні да Юліі — нібыта яна абразіла старшыню камісіі ў справах непаўналетніх.

Пасьля ўцёкаў зь Беларусі сям’я жыла ва Ўкраіне. Цяпер перабралася ў Літву.

«Мы з дапамогай Камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў падалі заяву ў паліцыю на барысаўскіх міліцыянтаў. Гэта справа ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. У нас на руках усе дакумэнты — і экспэртыза пабояў, і нашы заявы, і адказы нам. Больш за тое — мы ведаем тых, хто біў Арсенія.

Мяне ўжо дапыталі ў паліцыі месяц таму. 15 сьнежня будзе допыт у сына, каб прызнаць яго пацярпелым у гэтай справе», — расказала Юлія.

Яна кажа, што калі Арсенія прызнаюць пацярпелым па справе, то барысаўскіх міліцыянтаў мусяць выклікаць на допыт у літоўскую паліцыю.

«Калі яны не прыедуць, то іх пададуць у вышук у Інтэрпол, і яны будуць невыязныя зь Беларусі. Калі Арсенія прызнаюць пацярпелым, то я магу падаваць у міжнародны суд на тых людзей, якія яго зьбілі», — дадала Юлія Чарных.

У Літве яна і муж знайшлі працу, дзеці — Арсені і яго малодшая сястра — пайшлі ў школу.

Арсені — першы непаўналетні, які падаў заяву за мяжой на беларускіх міліцыянтаў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

У Камітэце па расьсьледаваньні катаваньняў зазначылі, што менавіта ў Літве ўжо дзясяткі беларусаў падалі скаргі па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі на катаваньні з боку міліцыі.

«Праводзіцца папярэдняе расьсьледаваньне, зьбіраюцца доказы. Сытуацыя зьмяняецца. Калі сёньня міліцыянты не пакараныя, гэта ня значыць, што так будзе заўсёды. Злачынцы — прыйдзе час, панясуць адказнасьць. Наша задача цяпер — прыблізіць гэты час», — сказала супрацоўніца Камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG