Адпаведную пастанову Маскоўскі гарадзкі суд зрабіў 9 сьнежня, пакінуўшы ў сіле рашэньне Замаскварэцкага раённага суду аб непажаданасьці знаходжаньня ў Расеі коміка зь Беларусі Ідрака Мірзалізадэ, паведамляе «Коммерсантъ».
Міністэрства ўнутраных спраў Расеі раней заявіла аб «пажыцьцёвай» забароне для коміка на знаходжаньне ў краіне, але Ідрак аспрэчыў забарону. Цяпер паліцыя мусіць прыняць новае рашэньне, з разумным тэрмінам «непажаданасьці» Мірзалізадэ.
У канцы жніўня МУС Расеі пажыцьцёва забараніла ўезд коміку ў Расею. На думку паліцыі, у сваім публічным выступе Мірзалізадэ дапусьціў выразы, якія распальваюць варожасьць і нянавісьць да асобаў расейскай нацыянальнасьці.
Раней у МУС Расеі заявілі, што прысутнасьць коміка на тэрыторыі краіны непажаданая.
«У сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізадэ дапусьціў выразы, якія правакуюць нянавісьць і варожасьць да асобаў расейскай нацыянальнасьці, прыніжаюць іх чалавечую годнасьць. У сувязі з гэтым яго знаходжаньне на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі прызнана такім, якое пагражае грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асобаў».
У сакавіку 2021 году Мірзалізадэ атрымаў від на жыхарства ў Расеі.
10 жніўня Таганскі раённы суд Масквы арыштаваў коміка на 10 сутак за жарт аб арэндзе кватэры і расейцах. Ён расказаў гісторыю, як спрабаваў зьняць жыльлё і падчас агляду ўбачыў запэцканы калам матрац.
«Відаць, расейцы абмазваюцца г...ном і кладуцца спаць», — пажартаваў комік.
Пасьля гэтага Мірзалізадэ пачалі вінаваціць у русафобіі. 27 ліпеня гумарыст паведаміў, што яго пабілі ў цэнтры Масквы. 9 жніўня коміка арыштавалі на 10 сутак праз абвінавачваньне ў распальваньні нянавісьці. Рашэньне аб высылцы пазьней прыпынілі да разгляду апэляцыі коміка.
Ідрак Мірзалізадэ этнічны талыш, нарадзіўся ў Азэрбайджане, але ў малым узросьце пераехаў у Беларусь, дзе рос і вучыўся.