Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка разумее толькі мову сілы і гвалту». Інтэрвію былога супрацоўніка МЗС


Павал Сьлюнкін
Павал Сьлюнкін

Павал Сьлюнкін працаваў у беларускім Міністэрстве замежных спраў сем гадоў. Ён прыйшоў у МЗС, бо лічыў, што беларуская дзяржава губляе час, і каб нешта мяняць, трэба быць унутры сыстэмы. У жніўні 2020 году ён публічна заявіў пра свой сыход зь міністэрства. Цяпер ён працуе экспэртам у Эўрапейскай радзе па міжнародных адносінах.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як дыпляматы ставяцца да цяперашніх падзей, чаму міністар замежных спраў Уладзімер Макей не перайшоў на бок пратэстоўцаў і ў чым сакрэт палітычнага доўгажыхарства Аляксандра Лукашэнкі.

Чаму я ўвогуле працаваў у МЗС

«Мая матывацыя была — дапамагаць Беларусі збліжацца з Эўрапейскім Зьвязам, з заходнімі краінамі. У маім разуменьні гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Было бачна, што з 2012–13 гадоў гэты трэнд пачаў узмацняцца: Захад адмовіўся ад санкцыйных падыходаў, пачаўся дыялёг зь беларускай дзяржавай. І было зразумела, што беларускае грамадзтва ніяк на працэсы, якія адбываюцца ў краіне, паўплываць ня можа, а значыць, паўплываць можна, толькі працуючы на саму сыстэму. Я ніколі не адчуваў там сябе чужым. У МЗС працуюць вельмі адукаваныя і таленавітыя людзі, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку і тое, што адбываецца цяпер. Але гэта выбар кожнага — заставацца ці сысьці. Ідучы на працу ў МЗС, я даў сабе абяцаньне ніколі ня здраджваць сваім прынцыпам і не ісьці супраць свайго сумленьня. Ну, і ў 2020 годзе стала немагчыма гэтае абяцаньне выконваць. Я хацеў прадэманстраваць, што ёсьць беларускія дыпляматы, якія з народам і якія асуджаюць усё тое, што адбываецца».

Пра Ляшчэню думаў горш, таму цяпер прашу прабачыць

У верасьні 2020 году іншы дыплямат — амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня выдаў відэазварот, у якім падтрымаў пратэстоўцаў і асудзіў гвалт. Павал Сьлюнкін кажа, што раней не заўважаў за ім гучных лібэральных крокаў, а таму быў зьдзіўлены ўчынкам Ляшчэні.

«Я чакаў такіх моцных крокаў ад іншых амбасадараў — маладзейшых, больш лібэральных, якія ніколі не хавалі сваіх поглядаў. А вось ад чалавека троху савецкай загартоўкі — а Ігар Ляшчэня быў амбасадарам яшчэ ў часы СССР, пасьля працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, і ніколі я за ім не заўважаў лібэральных рэчаў... Але чалавек зрабіў годны выбар, і за гэта яму вялікая павага».

Наконт Макея ілюзіяў не было

Павал Сьлюнкін, які з 2016 да 2019 году працаваў у беларускай амбасадзе ў Літве, прызнаецца, што ня меў цесных кантактаў зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, але лічыць яго вялікім прафэсіяналам дыпляматычнай справы.

«Ён выдатна вядзе перамовы, крута рыхтуецца да перамоваў, умее падабацца і адстойваць сваю пазыцыю. Але калі гаварыць пра каштоўнасны выбар, то ў мяне ілюзіяў не было — гэта чалавек сыстэмы, які заўсёды выконвае тое, што загадваюць зьверху».

Для чыноўнікаў было нечакана пабачыць мора БЧБ на пахаваньні Каліноўскага

У лістападзе 2019 году дэлегацыя беларускіх дыпляматаў на чале зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Ігарам Петрышэнкам узяла ўдзел у пахаваньні парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні, куды беларусы прывезьлі тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў. Павал Сьлюнкін кажа, што МЗС, у тым ліку і Ўладзімер Макей, прасоўваў гэты візыт.

«У МЗС было вельмі шмат людзей, якія шчыра хацелі, каб Беларусь не засталася на ўзбочыне гэтага працэсу, а каб яна сапраўды актыўна ўдзельнічала. Дзякуючы гэтаму атрымалася прывезьці віцэ-прэмʼера. Гэта ўсё вырашалася ў апошнія дні, таму для Ігара Петрышэнкі стала сюрпрызам, што менавіта ён паедзе».

Павал Сьлюнкін кажа, што шмат дыпляматаў атрымлівалі свае пашпарты тады, калі БЧБ-сьцяг быў афіцыйным беларускім сьцягам, і, адпаведна, ведаюць яго гісторыю.

Змагацца трэба зь людзьмі, а не з сымболікай

«Змагацца трэба зь людзьмі, якія гатовыя супрацоўнічаць з акупацыйнай уладай (пад БЧБ-сьцягам) ці гвалтаваць людзей у турмах (пад чырвона-зялёным сьцягам), а не з самімі сьцягамі. Ня важна, чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы. Што мае значэньне — гэта людзі, якія ўздымаюць гэтыя сьцягі».

Лукашэнка заўсёды павышае стаўкі

Павал Сьлюнкін дапускае, што ўлады Беларусі стварылі мігранцкі крызіс, гледзячы на іншыя падобныя прыклады — Турэччыны, а таксама Марока і Гішпаніі, калі ўдалося, выкарыстаўшы мігрантаў, прымусіць ЭЗ пайсьці на пэўныя крокі.

«Яму дакладаюць, што гэта працавала. Чаму гэта павінна не спрацаваць зараз у Беларусі? І ў тых умовах, у якіх ён цяпер знаходзіцца, а яны, мякка кажучы, самыя складаныя за ўсю гісторыю кіраваньня, яму трэба шукаць варыянты дыялёгу з заходнімі краінамі. І хоць яго і прызнаюць нелегітымным, але дэ-факта разумеюць, што ён прымае тут рашэньні. І другі момант — гэта тое, што кейс зь мігрантамі дае магчымасьць перавесьці гутарку з тэмы рэпрэсіяў, новых выбараў і палітвязьняў на больш камфортную тэму — мігрантаў, бо яна не кранае пытаньня яго асабістай улады».

Сакрэт палітычнага доўгажыцьця Лукашэнкі, на думку Сьлюнкіна, — у тым, што ён ніколі не баяўся падвышаць стаўкі.

«Гэта пачалося адразу, як толькі ён быў абраны. Ён аддаў загад зьбіць дэпутатаў, якія супрацьстаялі яму. Таму пытаньне ў тым, наколькі ЭЗ гатовы размаўляць зь ім на мове, якую ён разумее. Лукашэнка для захаваньня ўлады гатовы ісьці на ўсё, а вось ці гатовая Эўропа — мне здаецца, што не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG