Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Ігара Лосіка ў інтэрвію Свабодзе: «Можна даць і 100 гадоў турмы». ВІДЭА


Бацькі Ігара Лосіка Натальля і Аляксандар.
Бацькі Ігара Лосіка Натальля і Аляксандар.

Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі больш як паўтара года. Яго бацькі Аляксандар Аляксандравіч і Натальля Вітальеўна расказалі ў інтэрвію Свабодзе, як яны жывуць, пакуль іх сын у турме.

Працэс у справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых абвінавачаных ідзе амаль 5 месяцаў. Усе яны былі затрыманыя ў канцы траўня — чэрвені 2020 году, задоўга да даты прэзыдэнцкіх выбараў. Адвакаты падсудных далі падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў спраў сваіх падабаронных і дэталяў працэсу. У выніку невядомыя нават усе артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавацілі Ігара Лосіка.

Вырак журналісту Радыё Свабода маюць абвясьціць 14 сьнежня.

«Жывём верай, што нешта памяняецца. Можа заўтра, можа празь месяц. Толькі верай і жывеш. Што да выраку, 10 ці 12 гадоў — дык можна даць 100 гадоў, ад гэтага ўжо нічога не мяняецца. Могуць даць 15 гадоў, а заўтра за скасаваньне санкцый — выпусьціць. Могуць даць 5 гадоў — і ўсе 5 гадоў ён адседзіць», — кажа бацька Ігара Лосіка Аляксандар.

Даша Лосік, жонка Ігара, змагла трапіць на спатканьне з мужам. Бацькам у спатканьні адмовілі, патлумачылі, што дазвол ёсьць толькі на адну сустрэчу. Ужо два месяцы бацькі Ігара не атрымліваюць ад яго лістоў.

«Навіны пра сына атрымліваем з тэлеграм-каналаў. Адвакат пад падпіскай, таму можна даведацца толькі пра настрой Ігара, і ўсё», — кажа маці Ігара Натальля.

На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні.

«Памятаю, напісаў Ігару ліст, калі ён галадаў. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што ён перастаў галадаць. І пра Паўлінку, якой патрэбны будзе бацька ў будучыні, і пра пляны. Каму будзе лягчэй? Усе, хто любіць, будуць плакаць, а тыя, хто працуе ў турме, ім усё адно будзе», — узгадвае бацька Ігара Аляксандар.

Дачцэ Ігара Лосіка Паўлінцы 2 гады. У лістах ён просіць не расказваць пра Паўлінку, бо моцна перажывае, калі чытае пра дачку. «Я пачынаю плакаць, калі ўяўляю, як яна расьце», — піша Ігар бацькам.

Паўліне кажуць, што яе бацька ў камандзіроўцы. Яна пазнае яго на фота, памятае імя.

«Сям’я дапамагае перажываць гэты час. Унучка, праца, падтрымка, сабака — усё гэта ратуе. Калі б быў адзін, было б нашмат цяжэй», — кажа бацька Ігара.

Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. Дакладна вядомыя два артыкулы абвінавачаньня з трох («удзел у масавых беспарадках» і «арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

На знак нязгоды ён двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў паводле трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. Палітвязьнем яго прызналі ў канцы чэрвеня 2020 году.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG