Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: «Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца»


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што правёў некалькі канфідэнцыйных сустрэч у Стакгольме на палях паседжаньня Рады міністраў замежных спраў АБСЭ і што некаторыя зь яго эўрапейскіх калег нават ня ведалі пра ўвядзеньне санкцый у дачыненьні да Беларусі.

У інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», стэнаграма якога апублікаваная на сайце МЗС Беларусі, ён заявіў, што правёў шэраг сустрэч, пра якія афіцыйна не паведамлялася на сайце МЗС, бо «калегі папрасілі, каб яны заставаліся, скажам, канфідэнцыйнымі».

Паводле міністра, нават учора, сустракаючыся з шэрагам калег, калі ён казаў, што «вы ж сёньня павінны ўвесьці санкцыі», яны былі зьдзіўленыя і казалі, што пакуль яшчэ не абмяркоўвалі на ўзроўні міністраў замежных спраў канчатковае ўвядзеньне санкцый.

«У любым выпадку, вядома, учорашняе рашэньне, якое было прынятае Эўрапейскім зьвязам, праходзіла нейкае абмеркаваньне, але, як паказваюць мае зносіны з калегамі, па-першае, ня ўсе былі згодныя з увядзеньнем гэтага пакету санкцый. І, па-другое, ня ўсе нават дакладна ўяўлялі, што менавіта 2 сьнежня будуць уведзены гэтыя санкцыі», — адзначыў Макей.

Ён таксама сказаў, што «з заявай Беларусі аб тым, што праз санкцыйнае супрацьстаяньне ніхто ніколі не дасягне сваіх мэтаў, згодны вельмі многія». У ягоных калегаў, зь ягоных словаў, ёсьць разуменьне таго, што трэба паспрабаваць знайсьці такія шляхі камунікацыі, якія дазволяць выйсьці з гэтай сытуацыі.

«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца. Хаця мы зробім усё, каб такога ня здарылася, а Эўрапейскі зьвяз назаўжды страціць Беларусь. І я думаю, што гэта абсалютна не ў інтарэсах Эўропы», — дадаў Макей.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG