155 брытанскіх і 150 эстонскіх жаўнераў сама меней да 30 красавіка 2022 году будуць выконваць задачы, зьвязаныя з падтрымкай інжынэрнай і выведнай апэрацый Узброеных сіл Польшчы, якія праводзяцца ў памежнай зоне.
Падчас брыфінгу кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падзякаваў саюзьнікам за салідарнасьць у сытуацыі гібрыднага нападу на ўсходнюю мяжу Польшчы, якая таксама зьяўляецца мяжой Эўразьвязу.
«У Польшчы ўжо знаходзяцца інжынэрныя войскі з Эстоніі і Вялікай Брытаніі. Адбудзецца каардынацыйная сустрэча з камандаваньнем Войска Польскага, а затым яны пачнуць выкананьне задачаў на польска-беларускай мяжы. Дзякуй за падтрымку!» — напісаў міністар у Twitter.
Пазьней ён заявіў, што сярод задачаў будзе падтрымка польскай арміі ў захаваньні часовай агароджы, якую зьнішчаюць беларускія сілавікі, а таксама ў будаўніцтве і ўтрыманьні пад’язных дарогаў.
Кіраўнік абароннага ведамства Польшчы таксама расказаў пра далейшыя крокі.
«Ідуць перамовы аб падтрымцы жаўнераў польскай арміі з боку вугорскага і чэскага вайсковых злучэньняў», — анансаваў новыя пагадненьні міністар.
Ён адзначыў, што цяпер удакладняецца канкрэтны фармат, у якім Польшча магла б атрымаць такую падтрымку.