Прэс-сакратарку спыталі пра лягеры мігрантаў на мяжы з Польшчай.
— Ніякіх стаянак на мяжы мы не назіраем. Цяпер у ваколіцах Кузьніцы ціха, няма спробаў перасекчы мяжу з ужываньнем сілы, — падкрэсьліла Міхальска.
— На мяжы людзі цяпер не разьбіваюць лягеры, іх прывозіць грузавікамі беларускі бок. «Магчыма, з гэтага цэнтру, магчыма, зь іншых месцаў, дзе яны зьбіраюцца», — сказала яна.
Прадстаўніца Памежнай службы адзначыла, што, паводле іх зьвестак, у Беларусі цяпер каля 10 тысячаў замежнікаў, якія плянуюць нелегальна перасекчы мяжу.
— Колькі іх каля мяжы, а колькі ў глыбіні краіны, мы ня ведаем, — сказала Міхальска.
На пытаньне, ці зьмяніліся працэдуры адносна выезду грузавікоў зь Беларусі, Міхальска адказала, што «ў правілах нічога не зьмянілася».
— Сапраўды, грузавікоў даволі шмат. Калі ласка, памятайце, што на гэта таксама паўплывала тое, што пераход у Кузьніцы зачынены, — нагадала яна.
Ці разглядаецца варыянт адкрыцьця пераходу ў Кузьніцы?
— Пакуль у мяне няма інфармацыі, што пераход будзе адкрыты ў бліжэйшыя дні, — адказала Міхальска.