Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўводзіць больш жорсткія правілы ўезду ў сувязі са штамам «Омікрон»


Міжнародны аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве, кастрычнік 2021 г.
Міжнародны аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве, кастрычнік 2021 г.

Міністар аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў 29 лістапада, што пачынаючы з 1 сьнежня ў краіне будуць уведзеныя больш жорсткія правілы ўезду на яе тэрыторыю ў сувязі са зьяўленьнем новага штаму каранавірусу — «Омікрон».

У прыватнасьці, Польшча, усьлед за некаторымі іншымі краінамі, спыніць палёты ў сем краінаў паўднёвай Афрыкі: Батсвану, Эсватыні, ПАР, Мазамбік, Лесота, Намібію і Зымбабвэ. Людзі, якія прыбудуць з гэтых краін, незалежна ад маршруту, будуць адпраўляцца на 14-дзённы карантын без магчымасьці перапыніць яго датэрмінова.

Урад павялічыць да 14 дзён карантын для людзей, якія ўяжджаюць у Польшчу з-за межаў шэнгенскай зоны. Цяпер карантын для гэтай катэгорыі падарожнікаў складае 10 дзён. Патрабаваньні аб карантыне па-ранейшаму ня будуць тычыцца прышчэпленых вакцынамі, прызнанымі ў Эўразьвязе.

Стануць больш жорсткімі абмежаваньні ўнутры краіны. Узровень запаўняльнасьці публічных аб’ектаў — крамаў, гатэляў, басэйнаў, кінатэатраў, тэатраў, канцэртных заляў — зьніжаецца з 75 да 50 працэнтаў.

Больш жорсткія правілы і абмежаваньні будуць дзейнічаць да 17 сьнежня. Міністар Адам Нядзельскі адзначыў, што ў далейшым яны могуць быць перагледжаныя з улікам каранавіруснай сытуацыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG