Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыехаў да мігрантаў у Брузгі: «Мы ня можам пачаць вайну, каб прабіць вам калідор у Нямеччыну»


Аляксандар Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў Брузгах. # Транспартна-лягістычны цэнтар, мігранты, Лукашэнка. 26 лістапада 2021 году.
Аляксандар Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў Брузгах. # Транспартна-лягістычны цэнтар, мігранты, Лукашэнка. 26 лістапада 2021 году.

Аляксандар Лукашэнка наведаў транспартна-лягістычны цэнтар каля пункту пропуску «Брузгі», дзе разьмясьцілі мігрантаў.

Як перадае БелТА, разам зь ім там знаходзяцца кіраўнік Горадзенскагага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік і старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, інспэктар па Горадзенскай вобласьці Юры Караеў, генэральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў.

Лукашэнка агледзеў пункт раздачы харчаваньня ў цэнтры і таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа. Сотні мігрантаў выйшлі да Лукашэнкі.

Лукашэнка абяцаў дапамогу мігрантам, а ці прарывацца за мяжу, рэкамэндаваў ім самім вырашаць

«Мы ня можам пачаць вайну, каб прабіць вам калідор у Нямеччыну. Гэта вашая воля: пройдзеце — ідзіце, вось і ўся філязофія», — сказаў Лукашэнка на мітынгу для мігрантаў.

«Хачу сказаць, што мая задача — дапамагчы ўсім, хто трапіў у бяду, — заявіў Лукашэнка. — Усе мы людзі, бываюць складанасьці, але я ўпэўнены, што мы пераадолеем гэтыя праблемы. Праўда ў тым, што мы ні ў якім разе ня будзем гуляць і рабіць палітыку на вашых лёсах».

Паводле Лукашэнкі, на тэрыторыю Польшчы, Літвы, Латвіі штодня спрабуюць «прарвацца» да 200 чалавек, а іх «бесцырымонна выштурхоўваюць» у Беларусь.

«Некаторых яны вылоўліваюць і выкідваюць зноў на мяжу. Вельмі шмат хворых і зьнясіленых людзей: кожныя суткі мы прыкладна па 10 чалавек адвозім у шпіталь. Астатнія цягам сутак зноў ідуць на тэрыторыю Польшчы, імкнуцца пайсьці ў Нямеччыну», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка паабяцаў ва ўсім спрыяць мігрантам, нават калі ад гэтага «будзе кепска» беларускім суседзям.

«Нехта з вас, паверыўшы заходняй прапагандзе, шукае там лепшага жыцьця. Напэўна, там яно лепшае, чым на той зямлі, адкуль вы прыехалі. Але самае страшнае, як я разумею (бачу, тут вельмі шмат дзетак), вы, дарослыя людзі, ня бачыце пэрспэктывы для сваіх дзяцей у сябе на радзіме. Словам, тут людзі розныя. Але праблема ў вас адна, вялікая, агульная: вы проста трапілі ў бяду. Я ўпэўнены, што гэта часова. Мы, беларусы, і я ў у тым ліку, будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ кагосьці», — сказаў ён.

Абяцаў, што прымусовай рэпатрыяцыі ня будзе

Лукашэнка адзначыў, што зь Беларусі было ўжо эвакуявана на радзіму каля тысячы мігрантаў:

«Але я хачу, каб вы ведалі. Мы ні ў якім разе ня будзем вас затрымліваць, грузіць у самалёты і адпраўляць на радзіму, калі вы гэтага ня хочаце».

Згодна з падлікамі Лукашэнкі, на тэрыторыі Беларусі, акрамя 2-тысячнага лягера ў «Брузгах», знаходзяцца яшчэ каля 3 тысяч мігрантаў.

Акрамя таго, ён занепакоіўся, што ўцекачы з Афганістану будуць спрабаваць трапіць у Эўразьвяз праз Украіну, і гэта таксама хвалюе беларускі бок.
«Каб супрацьстаяць мігрантам, украінцы нарошчваюць на мяжы сілавікоў», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка зьвярнуўся да Нямеччыны

Лукашэнка заклікаў народ Нямеччыны «даць прытулак уцекачам зь беларуска-польскай мяжы» — маўляў, «невялікая нагрузка для такой краіны»:

«Карыстаючыся выпадкам, што тут прысутнічаюць заходнія журналісты, я хачу зьвярнуцца да народу Нямеччыны. Тут большасьць людзей, якія жадаюць узьяднаць свае сем’і, знайсьці сваіх родных і блізкіх, якія знаходзяцца ў Нямеччыне. Забярыце, калі ласка, гэтых людзей да сябе. Гэта невялікая нагрузка. Яны жадаюць жыць у Нямеччыне.

2000 чалавек — гэта невялікая праблема для Нямеччыны, і канцлер Мэркель з гэтым пагадзілася. Але блякуюць усё гэта палякі. Калі мы цяпер ня вырашым гэтую праблему, яна будзе на парадак больш магутная. Сюды хлыне вялікая колькасьць уцекачоў і стрымаць іх на мяжы будзе немагчыма», — сказаў Лукашэнка.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы працягваюць знаходзіцца ў часовым пункце разьмяшчэньня ў транспартна-лягістычным цэнтры. Частка зь іх ужо паляцела дамоў трыма рэйсамі Ірацкіх авіяліній.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG