Як перадае «Гомельская Вясна», 44-гадовая жыхарка Добрушу Тацяна Казакова падчас працэсу расказала, што 7 траўня ўбачыла недалёка ад сваёй хаты намёт чырвонага і белага колераў. У ім, як высьветлілася, спыніліся супрацоўнікі мясцовага ваенкамату.
Жанчына зьняла відэа і выклала яго ў YouТube з подпісам «Бчбшники военкомат Добруш».
«Наш прэзыдэнт супраць сымболікі, — патлумачыла пазьней гараджанка. — Я гуляла, убачыла гэты намёт зь белымі і чырвонымі палосамі. Ён мне здаўся падобным на „бчб“, зь якімі пратэставалі супраць Лукашэнкі. Таму я вырашыла зьняць гэтае відэа».
Супрацоўнікі ваенкамату напісалі ў міліцыю заяву з просьбай прыцягнуць аўтарку відэа да адказнасьці за паклёп.
Супраць Тацяны Казаковай пачалі крымінальную справу паводле арт. 188 КК (паклёп). Санкцыя прадугледжвае штраф, папраўчыя работы, арышт, абмежаваньне і пазбаўленьне волі тэрмінам да 3 гадоў.
Падчас сьледзтва жанчына прызнала віну, раскаялася і папрасіла асабіста прабачэньня ў васьмі пацярпелых.
Судзьдзя Сьвятлана Лук’янава на хадайніцтва пракурора зрабіла працэс закрытым. На суд з васьмі пацярпелых зьявіліся тры.
У выніку фігурантку справы пакаралі 2 гадамі ўмоўна без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пацярпелыя не заяўлялі позваў аб кампэнсацыі маральнай шкоды.