Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Кабанава перавялі ў ПКТ, Емяльянаў скардзіцца на цэнзуру карэспандэнцыі


Мікіта Емяльянаў падчас суду 21 лютага 2020 г.
Мікіта Емяльянаў падчас суду 21 лютага 2020 г.

Па стане на 22 лістапада ў Беларусі 875 палітвязьняў, якія несправядліва знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Аляксандру Кабанаву пагражае турэмны рэжым

Блогер зь Берасьця Аляксандар Кабанаў ад 9 жніўня знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 1 Наваполацку, ён асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 369 Крымінальнага кодэксу.

З моманту пераводу ў калёнію да родных дайшлі адзінкавыя лісты, зь якіх стала вядома, што палітвязень амаль месяц правёў у штрафным ізалятары.

19 верасьня актывіста перавялі ў атрад, ён пачаў працаваць. Ліставаньне з роднымі наладзілася, аднак ад сяброў і незнаёмых людзей карэспандэнцыя перастала даходзіць, паведамляе Аб’яднанная грамадзянская партыя.

У канцы кастрычніка стала вядома, што Аляксандра Кабанава пакаралі 6 месяцамі ПКТ за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня». На гэты час яму забаронена атрымліваць пасылкі, мець званкі і спатканьні з роднымі. Палітвязень не выключае, што яго могуць перавесьці на турэмны рэжым.

Мікіту Емяльянаву не аддаюць малюнкі брата

Родныя актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава атрымалі ад яго ліст. Малады чалавек напісаў свайму малодшаму брату, што рады ягоным заняткам у студыі мастацтва, але дасланыя малюнкі адміністрацыя выняла, і ён іх не пабачыў, піша «Вясна».

Па нумары ліставаньняў з роднымі таксама стала зразумела, што некалькі папярэдніх допісаў Мікіты да іх не дайшлі.

Палітвязень з 11 кастрычніка ўтрымліваўся ў карцары. Адміністрацыя магілёўскай турмы № 4, дзе ён адбывае 4-гадовае пакараньне, тройчы карала яго 10 днямі карцару за парушэньне правілаў унутранага распарадку.

На знак пратэсту Мікіта Емяльянаў абвяшчаў галадоўку, якую трымаў 20 дзён.


Журналіста Дзяніса Івашына наведаў лекар


Журналісту Дзянісу Івашыну чарговым разам правялі ЭКГ-даследаваньне, якое ня выявіла якіх-небудзь нэгатыўных зьменаў у агульным стане ягонага здароўя.

«Аднак наяўнасьць тых непрыемных адчуваньняў, якія й спрычыняюцца да пэрыядычных выклікаў Дзянісам мэдыка, нас вельмі хвалюе. Усе адмыслоўцы, зь якімі даводзілася абмяркоўваць стан здароўя нашага ваяра, у адзін голас кажуць, што дзеля стабілізацыі і паляпшэньня сытуацыі неабходна неадкладна прыбраць стрэсавы фактар і неспрыяльнае асяродзьдзе ўмоваў палону», — цытуе жонку Івашына Вольгу тэлеграм-канал «Право имеют».

Хто такі Дзяніс Івашын

  • Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
  • Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
  • Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
  • Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
  • Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
  • Сваякі і калегі меркавалі, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
  • Івашын высьветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства і прынятыя на працу з парушэньнем закону. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў задушэньні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сьцьвярджаў, што ўсе зьвесткі для расьсьледаваньня браў з адкрытых крыніц.
  • Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
  • У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
  • Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
  • У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
  • У верасьні 2022 году журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд зьвестак пра прыватнае жыцьцё) Крымінальнага кодэксу.
  • У канцы чэрвеня 2023-га Івашына перавялі на турэмны рэжым. Жонка палітвязьня Вольга адзначыла, што пра працэс па зьмене рэжыму ня ведалі ані сваякі, ані адвакат.
  • У ліпені 2023 году палітвязьня перавялі з магілёўскай калёніі № 15 у жодзінскую турму на падставе рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Магілёву.
  • У красавіку 2024-га ад жонкі журналіста стала вядома, што Івашына пазбавілі перадач. Яна таксама паведаміла, што дасылаць вітаміны ў турму або калёнію можна толькі на падставе адмысловага дазволу лекара пэнітэнцыярнай установы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG