Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольна гаворыць па-беларуску». Што новага ў палітвязьняў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава


Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін падчас суду
Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін падчас суду

Што на сёньня вядома пра тое, у якіх умовах засуджаных блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна трымаюць, як да іх ставяцца, які стан здароўя палітвязьняў?

Блогера зь Берасьця Сяргея Пятрухіна і актывіста Аляксандра Кабанава сёлета ў красавіку асудзілі кожнага на 3 гады зьняволеньня за нібыта падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і за абразу прадстаўнікоў улады. Сяргея Пятрухіна прызналі вінаватым яшчэ і ў абразе судзьдзі.

Абодва не прызналі віны і ў чэрвені абскардзілі прысуды, але марна. У жніўні Пятрухіна і Кабанава з Магілёва, дзе праходзіў суд, этапавалі. Сяргея накіравалі для адбыцьця пакараньня ў калёнію «Віцьба-3» пад Віцебскам, Аляксандра — у наваполацкую калёнію.

«Перачытаў Мележа, Шамякіна і Быкава»

Пра Сяргея Пятрухіна расказала ягоная сястра Алена, якая зь ім лістуецца, а таксама ўжо гутарыла зь ім праз тэлефон. Кажа, з братам усё ў парадку.

«Ва ўсякім разе, казаў, што ў той „Віцьбе“ яму значна лепш, чым у Магілёве ў СІЗА. Сказаў, што ставяцца да яго карэктна, вартаўнікі зьвяртаюцца на „вы“. Лісты ад яго цяпер прыходзяць рэгулярна. Піша, што як недзе там маршыруюць па тэрыторыі, дык можа бачыць дахі дамоў, і гэта радуе. Відаць, што настрой у яго стаў лепшы. Шмат цікавіцца нашымі справамі, перадае ўсім прывітаньні», — падзялілася жанчына.

Асабліва Алену ўразіла тое, што ў тэлефоннай размове яе брат карыстаўся беларускай мовай, а раней гаварыў толькі па-расейску.

«Па тэлефоне размаўляў з намі па-беларуску. Ведаю, што за час, які сядзіць, а гэта ўжо болей за год, прачытаў шмат кніг на роднай мове. Мележа, Шамякіна, Быкава ўсяго перачытаў. Але адно чытаць, а другое — ужываць мову па жыцьці. Мы зь ім адзін філфак у Берасьці закончылі, ён вывучаў беларускую, але тады ня чула ніводнага разу, каб гаварыў. А цяпер размаўляе вольна. Ня ведаю, ці гэтаксама і ў калёніі, зь вязьнямі, але падобна, што так. Бо ён такі, не адступае, калі што вырашыў», — сказала пра Сяргея Пятрухіна ягоная сястра Алена.

Паводле Алены, на праблемы са здароўем Сяргей Пятрухін сваякам не скардзіўся.

«Адвакат пасьля сустрэчы зь ім сказала, што схуднеў. Але сам ён нам ні на што не скардзіўся. Ковідам ён перахварэў яшчэ год таму. Ведаю, што ў яго былі праблемы з сасудамі, але, можа, цяпер стала лепей? Вельмі на гэта спадзяюся», — сказала Алена.

Ліст ад палітвязьня Сяргея Пятрухіна
Ліст ад палітвязьня Сяргея Пятрухіна

Жанчыне невядома, ці зьвярталіся да яе брата з прапановай аб напісаньні прашэньня аб памілаваньні.

«Калі б і зьвярталіся, ён бы на 100% не пагадзіўся, мы яго ведаем», — мяркуе сястра Сяргея Пятрухіна. Паводле Алены, палітычных пытаньняў у лістах ён не закранае, бо некаторыя сваякі не падзяляюць ягоных поглядаў.

«Ды і ня трэба пра гэта пісаць, бо тады лісты не даходзяць», — зазначае Алена.

Ліст з турмы ад Сяргея Пятрухіна
Ліст з турмы ад Сяргея Пятрухіна

Аляксандар Кабанаў: «Увесь час чымсьці заняты»

З пачатку жніўня ў наваполацкай калёніі знаходзіцца блогер зь Бярозы, актывіст штабу Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў, якога затрымалі, як і Сяргея Пятрухіна, яшчэ ў чэрвені 2020 году, да прэзыдэнцкіх выбараў. Зь лістоў Аляксандра Кабанава, напісаных на волю летась падчас сьледзтва, вядома, што да яго з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні зьвяртаўся Юры Васкрасенскі, былы вязень СІЗА КДБ, які цяпер з дазволу ўладаў займаецца сьпісамі ўдзельнікаў пратэстаў на памілаваньне. Аляксандар Кабанаў паведамляў у лістах, што адмовіўся ад прапановы Васкрасенскага.

Паводле жыхаркі Бярозы Натальлі, якая рэгулярна лістуецца з Аляксандрам Кабанавым, больш прапаноў наконт памілаваньня ён не атрымліваў.

«Ён віны не прызнае і таму ніколі не пагодзіцца на прашэньне. Гэта дакладна», — мяркуе Натальля.

Першы ліст з калёніі ад Аляксандра Кабанава.
Першы ліст з калёніі ад Аляксандра Кабанава.

Як кажа Натальля, ліставаньне з Аляксандрам Кабанавым было рэгулярным, пакуль ён сядзеў у розных ізалятарах, у тым ліку ў магілёўскім пасьля суду. А вось за месяц знаходжаньня ў наваполацкай калёніі ад яго пакуль прыйшоў толькі адзін ліст.

«Толькі нядаўна нарэшце прыйшоў ад яго ліст ужо з калёніі, напісаны яшчэ ў жніўні. Напісаў, што зь ім усё нармальна, што неўзабаве будзе разьмеркаваньне па атрадах, а пакуль карантын. Паведамляў, што цяпер увесь час заняты. У ізалятары думаў, чым бы заняць вольны час, а цяпер вольнага часу няма», — паведаміла Натальля.

Паводле яе, яна і бацькі Аляксандра вельмі непакоіліся пра яго, пакуль пра яго не было зьвестак, але цяпер ім стала лягчэй.

«На гэтым тыдні яго наведала адвакатка і таксама расказала, што ў яго ўсё наладзілася, на ўмовы і здароўе не скардзіцца. Вось толькі схуднеў. У лісьце шмат напісаў пра тое, што яму трэба прыслаць. Цяпер гэтым займаемся», — паведаміла Натальля пра Аляксандра Кабанава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG