Яна дала інтэрвію аўстрыйскім газэтам Kleine Zeitung і Die Presse напярэдадні відэаканфэрэнцыі, якую Аўстрыя арганізавала ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці на тле рэпрэсій уладаў Беларусі супраць апазыцыі. Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічала ў арганізацыі канфэрэнцыі
Аўстрыйскія кампаніі зьяўляюцца аднымі з найважнейшых прадпрыемстваў Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі. Прыёрбанк, які належыць Raiffeisen Bank International, зьяўляецца чацьвёртым паводле велічыні банкам у краіне па аб'ёме крэдытаў, а тэлефонны апэратар A1 Telekom Austria займае каля 42% рынку мабільнай сувязі.
«Мы разумеем, што буйныя кампаніі, такія як А1, не жадаюць адмаўляцца ад бізнэсу ў нашай краіне, – сказала Ціханоўская. – Аднак яны маглі б абставіць сваю прысутнасьць пэўнымі ўмовамі і даць зразумець, што іх супрацоўнікаў нельга кідаць у турму толькі таму, што яны маюць адрознае ад Лукашэнкавага меркаваньне».
Аўстрыя можа прыняць студэнтаў, адлічаных з унівэрсытэтаў Беларусі, дадала яна.
- Канфэрэнцыя «На шляху да шчаснай і бясьпечнай будучыні Беларусі», прызначаная на 22 лістапада, была пераведзеная ў віртуальны фармат, бо Аўстрыя прымае новыя карантынныя захады супраць COVID-19. У канфэрэнцыі плянуюць узяць удзел міністры замежных спраў Нямеччыны, Фінляндыі, Латвіі, Эстоніі, Славеніі і Славаччыны.
- Афіцыйны Менск адмовіўся ад удзелу. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў канфэрэнцыю аб Беларусі «бясплоднай і бессэнсоўнай задумай».
- Мэтай канфэрэнцыі зьяўляецца пошук у Беларусі «канструктыўных падыходаў для мірнага, заснаванага на дыялёгу рашэньня», – заяўляе Аўстрыя.