Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скончыцца эміграцыйны крызіс — пачнецца наркатычны». Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта пра саступкі Эўрапейскага зьвязу Лукашэнку


Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Анатоль Котаў, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, які звольніўся падчас леташніх пратэстаў, пракамэнтаваў тэлеканалу «Настоящее время» тэлефонныя размовы Мэркель і Лукашэнкі, а таксама сказаў, пра што, на ягоную думку, Эўразьвяз можа дамаўляцца з апошнім.

— Лукашэнка патрабуе прызнаньня яго прэзыдэнтам і зьняцьця санкцый, а Мэркель (ці Эўропа ў асобе Мэркель) патрабуе вярнуць мігрантаў назад на радзіму ці даць ім статус уцекачоў у Беларусі, ну а пакуль каб ім цёпла хаця б, каб яны ня зьмерзьлі. А хто на якія саступкі, на вашую думку, можа пайсьці?

— Ну, уласна кажучы, Эўропа абазначыла, што ніякіх саступак у пляне пачатку торгу, пачатку дыялёгу, пачатку прызнаньня яны не зьбіраюцца рабіць. І калі ўважліва прачытаць заключную частку паведамленьня пра размову [Мэркель з Лукашэнкам 17 лістапада], там чорным па белым па-нямецку напісана: «Мы працягнем кантакты па тэме міграцыі», і на гэтым кропка. То бок ні па якіх тэмах Ангела Мэркель, Жузэп Бурэль не плянуюць кантактаваць. Лякальны крызіс і ня больш за тое. І тое зь меркаваньняў гуманізму.

— Калі Эўропа не гатовая ісьці на саступкі, чаму тады Лукашэнка павінен ісьці на саступкі? Проста баючыся чарговага пакету санкцый? Можа, тады саступкай будзе непрыняцьце новых санкцый?

— Насамрэч пяты пакет санкцый, які будзе апублікаваны днямі, ён ёсьць адказам на тыя дзеяньні, якія былі ўчыненыя некалькі месяцаў таму. І тут ніякіх паставаў для саступак з боку Эўрапейскага Зьвязу не праглядаецца. У Эўрапейскім Зьвязе цудоўна разумеюць, што пачынаць торг празь міграцыйную праблему абсалютна беспэрспэктыўна, бо зьявіцца іншая праблема. Сёньня ўжо паабяцалі праблему з наркотыкамі, якія будуць трафікам празь Беларусь у Эўропу паступаць. Ну вось — скончыцца міграцыйны крызіс, пачнецца наркатычны. Не вырашаецца праблема ўвогуле ніяк, калі вычленіць асобны ейны аспэкт. Мігранты, наркотыкі. Гэта не вырашае праблему палітвязьняў, гэта не вырашае праблему ўзьнікненьня такіх крызісаў у далейшым, абсалютна. І ў Эўропе гэта цудоўна разумеюць. Таму сам па сабе званок можна разглядаць як паблажку і саступку.

— Але на гэтую паблажку і саступку падштурхнуў вось гэты крызіс?

— Падштурхнула гаротнае становішча людзей, якіх выкарыстоўваюць у якасьці інструмэнта гібрыдных дзеяньняў у дачыненьні Эўрапейскага Зьвязу. Не спыняючыся на тым, якімі матывамі яны кіраваліся, прыяжджаючы на мяжу Польшчы, Літвы, Латвіі і Беларусі, яны ўсё роўна людзі і заслугоўваюць чалавечага стаўленьня, больш-менш камфортных умоваў і права на жыцьцё.

— Я проста не магу зразумець, што павінна прымусіць Лукашэнку адступіцца? Сама наяўнасьць гэтага званка?

— Адступіцца можа прымусіць толькі жорсткая пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу.

— Пагроза шостага пакету санкцый?

— Пагроза шостага пакету санкцый; дэманстрацыя таго, што міграцыйная атака на ўсходнія рубяжы Эўрапейскага Зьвязу правалілася. Плян не спрацаваў. Стрэлаў на мяжы, як бы каму ў Менску ні хацелася, з польскага, літоўскага ці нейкага іншага боку не прагучала. То бок не было таго, што можна было б кваліфікаваць як акт агрэсіі. Хаця пра гэта ўжо месяц гаворыцца ў Менску ад афіцыйных асобаў да самых розных дзяржаўных ці калядзяржаўных мэдыя. Што ўсё ідзе да таго, што там пачнуць страляць або ўжо страляюць па-над галовамі і так далей і да таго падобнага. Але ўсё гэта разьбілася аб дастаткова жорсткую пазыцыю: нікога не пускаць, рэагаваць на ўсё крайне стрымана. Таму атака правалілася і трэба гэты крызіс неяк адматаць назад.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG