Паводле інфармацыі ад родных, для затрыманых ні ў ІЧУ, ні ў сьледчай турме № 8 не прымалі перадачы на працягу больш за 1,5 месяца, пішуць беларускія праваабаронцы. Акрамя таго, людзей абмяжоўваюць у ліставаньні, атрыманьні пасылак і ў некаторых выпадках — сустрэчах з адвакатамі.
Зварот накіравалі Спэцдакладчыкам ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытаньні аб катаваньнях і іншых формах бесчалавечнага і зьневажальнага абыходжаньня Нільса Мэлзара, па пытаньні аб заахвочваньні і абароне права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманьнях.
Агулам за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі афіцэра КДБ, якога застрэліў пры абароне сваёй кватэры Андрэй Зельцар, у Беларусі затрымалі каля 200 чалавек, іх абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» і «наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варажнечы».
Толькі 15 лістапада для затрыманых зьнялі раней абвешчаны карантын нібыта з нагоды каранавірусу. 1,5 месяца людзі былі за кратамі ў тым самым адзеньні, у якім іх затрымалі, бяз сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. У сваіх сюжэтах дзяржаўныя СМІ не прыносілі спачуваньняў сям’і Зельцара, а ягоная жонка знаходзіцца за кратамі па падазрэньні ў дапамозе мужу.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).