Ініцыятарам стала чэская філія праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Паводле кіраўніцы арганізацыі Лінды Сокачавай, свае подпісы пад пэтыцыяй паставілі больш за чатыры тысячы чэхаў. Сярод тых, хто прыйшоў перадаць пэтыцыю, была і сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч.
Амбасада не адчыніла сваю брамку, каб прыняць дэлегацыю. Загадзя параілі пакінуць карэспандэнцыю ў паштовай скрыні. Такім самым чынам апарат амбасады калісьці сустрэў і чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла, які незадоўга да сваёй сьмерці прынёс допіс з патрабаваньнем выпусьціць беларускіх палітвязьняў.
Напярэдадні Тацяна Хоміч атрымала за сваю сястру прэмію «За свабоду, дэмакратыю і правы чалавека«. Марыю Калесьнікаву, як і Франака Вячорку, такім чынам уганараваў чэскі Інстытут вывучэньня таталітарных рэжымаў.
Спадарыня Хоміч была ўчора адной з удзельніц прэсавай канфэрэнцыі, пляцоўку для якой прадставіў Нацыянальны тэатар у Празе. З апошніх навінаў пра сястру яна паведаміла, што Марыя пасьля прысуду застаецца ў менскай вязьніцы на Валадарскага. Яе зьмясьцілі ў адзіночную камэру. Яна ня страчвае аптымізму, чытае, мае магчымасьць глядзець тэлевізар (дзяржаўныя каналы). Асноўны час прысьвячае падрыхтоўцы абскарджаньня прысуду, які мае намер падаць у Вярхоўны суд.