Пра гэта заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, паведаміў «Голос Америки».
«Санкцыі супраць Беларусі будуць пашыраныя… на пачатку наступнага тыдня», — заявіла Ўрсуля фон дэр Ляен.
«Мы разгледзім магчымасьць прымяненьня санкцый да тых авіякампаній, якія садзейнічаюць гандлю людзьмі (human trafficking) у кірунку Менску і мяжы паміж ЭЗ і Беларусьсю», — дадала яна.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у сераду, што Злучаныя Штаты «рашуча пярэчаць» «ідэі выкарыстаньня Беларусьсю міграцыі ў якасьці зброі» супраць суседніх дзяржаваў.
Ён падкрэсьліў, што ЗША будзе ціснуць на рэжым Лукашэнкі, пакуль ён «адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязаньні ці абяцаньні, падрывае сваімі дзеяньнямі мір і бясьпеку ў Эўропе і працягвае рэпрэсіі і парушэньні грамадзянскіх правоў».