Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн выказаўся за санкцыі супраць авіякампаній за перавозку мігрантаў у Менск


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен. Рым, 31 кастрычніка 2021 г.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен. Рым, 31 кастрычніка 2021 г.

У Вашынгтоне, у Белым доме, адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і кіраўніцы Эўракамісііі Ўрсулі фон дэр Ляен.

Адказваючы на пытаньне журналістаў аб крызісе на беларуска-польскай мяжы, фон дэр Ляен пагадзілася з Байдэнам у пытаньні магчымага ўвядзеньня санкцый супраць авіякампаній, якія ажыцьцяўляюць транспарціроўку мігрантаў у Менск, піша «Голас Амэрыкі».

Фон дэр Ляен адзначыла, што падзяляе меркаваньне Байдэна аб нападзе з боку аўтарытарнага рэжыму ў рамках памежнага крызісу.

Сёньня ж пра ўзмацненьне ціску на афіцыйны Менск у выпадку, калі Беларусь будзе парушаць свае міжнародныя абавязальніцтвы і падрываць бясьпеку ў Эўропе, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Сярод іншых пытаньняў у парадку дня сустрэчы прэзыдэнта ЗША і старшыні Эўракамісіі — гандаль і праблемы Заходніх Бальканаў, дзяржавы якіх імкнуцца наладзіць адносіны з Бруселем.

Перамовы Байдэна і фон дэр Ляен прайшлі неўзабаве пасьля двух нядаўніх сустрэчаў — на саміце Групы 20 у Рыме і на канфэрэнцыі ААН па клімаце ў Глазга. Як заявіў напярэдадні перагавораў Белы дом, прэзыдэнт ЗША і кіраўнік Эўракамісіі абмяркуюць плян далейшых дзеяньняў па выніках эўрапейскіх сустрэчаў.

Амэрыканскія СМІ адзначаюць, што ў пэрыяд прэзыдэнцтва Байдэна трансатлянтычныя адносіны палепшыліся. ЗША і ЭЗ урэгулявалі дзьве буйныя гандлёвыя спрэчкі па субсыдыях на самалёты і вытворчасьць сталі, і выступаюць адзіным фронтам у дачыненьні да палітыкі Кітая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG