Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Радослаў Сікорскі заклікаў Эўрапарлямэнт падтрымаць выданьне Лукашэнкі Міжнароднаму трыбуналу і прызнаць яго тэрарыстам


Радослаў Сікорскі, архіўнае фота
Радослаў Сікорскі, архіўнае фота

У Эўрапарлямэнце афіцыйна прапанавалі прызнаць Лукашэнку тэрарыстам і абвінавацілі Пуціна ва ўдзеле ў міграцыйным крызісе, а таксама ўспомнілі забітых з палітычных матываў беларусаў.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы, старшыня прадстаўніцтва Эўразьвяз — ЗША Радослаў Сікорскі заявіў 10 лістапада ў Страсбургу пра неабходнасьць на міжнародным узроўні прызнаць Аляксандра Лукашэнку тэрарыстам. Ён нагадаў эўрадэпутатам пра палітычныя забойствы ў 90-х і цяперашні крызіс.

У сваім выступе Сікорскі падкрэсьліў асаблівую ролю Пуціна ў цяперашнім міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой. Ён ужыў расейскае слова «крыша» (дах), гаворачы пра тое, што дзеяньні Лукашэнкі адбываюцца паводле ўзгодненага з Масквой пляну.

«Удзячны за тое, што Эўразьвяз выступае за Польшчу ў гэтым крызісе. Пагаджаюся з тымі, хто кажа, што Лукашэнка не рабіў бы таго, што робіць, бяз „крыши“ (даху) Ўладзіміра Пуціна. Лукашэнка раней ужо забіваў: Захаранка, Ганчар, Красоўскі — гэта прозьвішчы людзей, забітых ім. Ён захапіў Рамана Пратасевіча, узяў у закладнікі Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута.

Той жа, хто забівае, захоплівае, а таксама тэрарызуе мігрантаў, — гэта тэрарыст. Таму мае прапановы: па-першае, павялічыць дапамогу беларускім дэмакратам, па-другое, падтрымаць выданьне Лукашэнкі Міжнароднаму трыбуналу, а разам з гэтым дадаць яго ў сьпіс тэрарыстаў».

Раней палітыкі ў Польшчы і Нямеччыне ўжо неаднаразова казалі пра ўпэўненасьць у тым, што міграцыйны крызіс ініцыяваны ў Маскве, а Лукашэнка толькі яго выканаўца, насамрэч куратар справы Ўладзімір Пуцін. Палётамі ў Беларусь з Блізкага Ўсходу займаюцца, у прыватнасьці, турэцкія авіякампаніі, на тэрыторыі Турэччыны шэраг мігрантаў атрымлівае беларускія візы.

Новы эпізод міграцыйнага крызісу пачаўся 8 лістапада, калі буйная група мігрантаў крочыла да польскай мяжы і пайшла на сілавы прарыў агароджы. Ужо дзьве ночы мігранты правялі ў памежнай паласе, нягледзячы на папярэджаньні польскіх памежнікаў аб парушэньні закону. У ноч на 10 лістапада двойчы прарывалі агароджу, аднак польскія вайскоўцы здолелі затрымаць усіх парушальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG