Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 лістапада: Сына палітзьняволенай затрымалі за маску з надпісам «Честные люди»


Перасьлед беларусаў з палітычных прычынаў не спыняецца. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

Жыхарку Мастоў аштрафавалі на 1160 рублёў за налепку з гербам «Пагоня» на фасадзе дома

8 лістапада ў Мастах разглядалася адміністрацыйная справа за правядзеньне адзіночнага пікетаваньня ў дачыненьні да жыхаркі Мастоў. Горадзенская «Вясна» паведамляе, што такім «адзіночным» пікетаваньнем, на думку судзьдзі суду Мастоўскага раёну Віталя Сінілы, зьяўляецца герб «Пагоня», які афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі як гістарычная каштоўнасьць.

На фасадзе дома Людмілы ў Мастах, на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, супрацоўнікі міліцыі пабачылі налепку з выявай герба «Пагоні» і склалі пратакол аб пікетаваньні. Афіцыйна даказалі, што тую налепку ў сярэдзіне лета мінулага году наклеіў сын гаспадыні дома, які наведваў бацькоў.
Судзьдзя Сініла палічыў факт пікетаваньня даказаным і аштрафаваў Людмілу як уладальніцу дома на 40 базавых велічынь.

У Гомлі затрымалі сына палітзьняволенай за тое, што быў у масцы з надпісам «Честные люди»

8 лістапада ў Гомлі быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня Аляксей Канеўскі — адзін з сыноў палітзьняволенай Тацяны Канеўскай. Ён прыйшоў у суд як сьведка. На ім была маска з надпісам «Честные люди». Як расказваюць відавочцы, маска стала прычынай затрыманьня.

У Тацяны Канеўскай чацьвёра сыноў. Малодшаму Георгію 14 гадоў. Сярэдні сын Дзьмітры цяпер таксама асуджаны. Ён пасьля арышту маці напісаў у адным з тэлеграм-каналаў нэгатыўны камэнтар у бок міліцыі. Суд пакараў яго зьняволеньнем на 3 гады.

Тацяна Канеўская цяпер у гомельскай жаночай калёніі. Яна атрымала 6 гадоў зьняволеньня за «масавыя беспарадкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG