Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая калёна мігрантаў прыйшла да польскай мяжы ў суправаджэньні ўзброеных асоб. ВІДЭА

абноўлена

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году.
Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году.

Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа, якія сьведчаць аб тым, як буйная група мігрантаў рухаецца ў бок Польшчы ў раёне памежнага пераходу ля Брузгоў (Горадзенская вобласьць). Іх кантралююць узброеныя людзі ў вайсковай форме.

На відэа з памежжа відаць вялікую колькасьць мігрантаў, якія рушаць у польскі бок.

Калёна мігрантаў накіроўваецца да польскай мяжы.
Калёна мігрантаў накіроўваецца да польскай мяжы.

Міністэрства абароны Польшчы апублікавала фота з Брузгоў, зьнятае з вэрталёта.

На відэа з сацсетак відаць грузавікі для перавозкі асабовага складу зь зялёнымі нумарамі беларускіх памежных войскаў. Бачна таксама што суправаджаюць калёну салдаты з аўтаматамі і сабакамі, знакаў адрозненьня не відаць, магчыма гэта Ўнутраныя або Памежныя войскі.

Што кажуць улады Беларусі

Памежны камітэт Беларусі паведаміў з гэтай нагоды:

«На гэты момант шматлікая група ўцекачоў з рэчамі рухаецца ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Памежная варта Польшчы неаднаразова рапартавала аб тым, як тысячамі выцясняе мігрантаў да мяжы зь Беларуссю. На падобны крок роспачы ўцекачоў падштурхнула абыякавасьць і бесчалавечнае стаўленьне польскіх уладаў.

Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забесьпячэньня бесьперабойнага функцыянаваньня каналаў міжнародных паведамленьняў, а таксама бясьпекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі».

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пасьля 14.30 выступіў з заявай, што іншаземцы, якія знаходзяцца паблізу мяжы з Польшчай, заяўляюць аб намеры трапіць на тэрыторыю сумежнай краіны і рэалізаваць сваё права на падачу прашэньняў аб прадастаўленьні статусу ўцекача ў ЭЗ:

«Усе гэтыя людзі, у тым ліку жанчыны і дзеці, не ўяўляюць пагрозы бясьпецы і не паводзяць сябе агрэсіўна. Яны самаарганізаваліся ў такую шматлікую групу, каб выключыць гвалтоўнае выцясьненьне польскім бокам, а таксама прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да дзеяньняў Польшчы ў частцы невыкананьня правоў чалавека».

Паводле ДПК, памежнікі дзейнічаюць у адпаведнасьці са становішчам, якое складваецца, і нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме, пры гэтым пропуск асоб і транспартных сродкаў праз міжнародныя пункты пропуску ажыцьцяўляецца ў штатным рэжыме.

Па стане на 11:30 узброеныя асобы зь беларускага боку перакрылі рух да памежнага пераходу. На онлайн-камэрах відаць, што каля самога пераходу нікога няма.

Рэакцыя ў Польшчы

Міністэрства абароны Польшчы паведаміла, што на мяжы дзяжураць больш за 12 тысяч салдат і што пераведзеныя ў рэжым чаканьня сілы тэрытарыяльнай абароны:

«Разам са службамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі мы гатовыя абараняць польскую мяжу».

Гэтае здарэньне пракамэнтаваў віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Пётар Ваўжык.

«Па той бок мяжы ёсьць ёсьць жаданьне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і сьмерцямі, — сказаў ён у эфіры Польскага радыё. Рыхтавалася вялікая правакацыя на мяжы ў Кузьніцы Беластоцкай (памежны пераход на польскім баку. — РС). Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы».

Ваўжык запэўніў, што польскія службы былі падрыхтаваныя да такога разьвіцьця падзеяў і будуць рэагаваць адэкватна.

«Па другі бок мяжы няма разуменьня таго, што адбываецца. Там перакананыя, што яны адбіваюць нейкі напад», – сказаў Ваўжык.

Мігранты павярнулі з дарогі ў лес

Па стане на 12 гадзін ля мяжы знаходзіцца каля тысячы чалавек, узброеныя людзі працягваюць іх суправаджаць. Як вынікае з апублікаваных у інтэрнэце відэа саміх мігрантаў і онлайн-трансляцый з камэр памежнай тэрыторыі, натоўп іншаземцаў не накіраваўся ў бок памежнага пераходу Брузгі, а вымушана завярнуў у бок лесу за 200-300 мэтраў ад КПП.

Як паведамляе блогер Антон Матолька, да мяжы выехалі аўтазакі і машыны з калючым дротам, ёсьць і падмацаваньне з унутраных войскаў.

На мяжу прыехаў кіраўнік міліцыі грамадзкай бяспекі УУС Горадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч. Летась ён кіраваў разгонам пратэстаў у Горадні. Таксама на мяжы па стане на 12:30 ўжо знаходзяцца людзі ў ахоўнай амуніцыі.

Як сказаў Стасюкевіч, міліцыя зьбіраецца забясьпечваць правапарадак на мяжы, бо да яе пайшлі мігранты з рэчамі.

Спробы нелегальнага пераходу за выходныя

Польская памежная варта зафіксавала за апошнія суткі 222 новыя спробы нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі. Адзначаецца, што ў дачыненьні да 111 нерэгулярных мігрантаў вынесьлі пастановы пакінуць тэрыторыю Польшчы.

Памежная служба Польшчы таксама паведаміла пра затрыманьне двух палякаў і аднаго ўкраінца за дапамогу іншаземцам у незаконным перасячэньні мяжы.

Сытуацыя на польска-беларускай мяжы цяпер вельмі вострая. Акрамя няспыннага патоку мігрантаў, прадстаўнікі польскіх дзяржаўных структур неаднаразова абвінавачвалі беларускі бок у правакацыях на мяжы.

7 лістапада стала вядома, што на памежжы зь Беларусьсю знайшлі мёртвага польскага вайскоўца. Абставіны сьмерці высьвятляюцца. Польскі бок сьцьвярджае, што ён непасрэдна не ахоўваў польска-беларускай мяжы. Раніцай 7 лістапада салдаты, якія выконваюць лягістычныя задачы ў памежнай зоне, але па-за межамі зоны надзвычайнага становішча, убачылі, што іх калега мёртвы. Нягледзячы на спробы рэанімаваць салдата, лекар неўзабаве канстатаваў ягоную сьмерць.

Інцыдэнт адбыўся падчас адпачынку салдата. Ён не выконваў задачы, непасрэдна зьвязаныя з аховай польскай мяжы, служыў лягістам. Аддзяленьне вайсковай жандармэрыі ў Любліне высьвятляе прычыны сьмерці салдата.

Партал delfi.lt са спасылкай на дадзеныя дзяржаўнай літоўскай памежнай службы паведамляе, што ў ноч зь нядзелі на панядзелак памежнікі не прапусьцілі зь Беларусі ў Літву 97 мігрантаў.

Адзначаецца, што людзей, дапушчаных у краіну з гуманітарных прычынах, не было.

У суботу літоўскія памежнікі прадухілілі 98 незаконныя спробы перасячэньня мяжы, у пятніцу — 126, у чацьвер — 58, у сераду — 87, у аўторак — 96, у панядзелак — 11.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG