Паводле афіцыйных СМІ, мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, дакумэнт папярэдне «завізаваў» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Удакладняецца, што ў аснову палажэньняў дамовы пакладзены пакет з 28 саюзных праграмаў, якія стануць «трамплінам для паглыбленьня інтэграцыі».
Паводле ацэнак беларускага боку, прамы эфэкт ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакету для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на 1 млрд даляраў, ня лічачы дадатковых магчымасьцяў на расейскім рынку.
Адпачатку анансавалася, што дзеля гістарычнай дзеі расейскі лідэр прыбудзе ў Менск. Але замест гэтага ён выправіўся ў анэксаваны Крым — у Севастопалі адбываліся імпрэзы ў рамках Дня народнага адзінства.
Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, папрасіў расейскага калегу «перадаць крымчанам самыя цёплыя віншаваньні ад беларусаў і пажаданьні мужнасьці ў гэты няпросты час».
«Яны павінны разумець, што не адны. Усе мы побач і будзем трымацца адзін за аднаго і дапамагаць у гэтыя няпростыя часы», — запэўніў ён.
Акрамя таго, Пуцін і Лукашэнка зацьвердзілі ваенную дактрыну саюзнай дзяржавы, а таксама абмеркавалі прапанову аб агульнай сымболіцы.
Што было раней
- У траўні амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка расказаў, што маецца на ўвазе пад «дарожнымі мапамі» (першапачаткова іх фігуравала 31): «Гэта плян дзеяньняў, кірункаў — адзіная прамысловая і аграрная палітыка, адзіны рынак нафты, газу, электраэнэргіі і г. д. Пад усё трэба падвесьці заканадаўчую базу — і ў Беларусі, і ў Расеі».
- 9 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея з ініцыятывы Ўладзіміра Пуціна адмовіліся ад некаторых «дарожных мапаў», дзе вялася гаворка аб палітычнай інтэграцыі. Засталіся 28 агульных пунктаў.
- Пазьней прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка ўдакладніў, што некаторыя «дарожныя мапы» маюць на ўвазе падпісаньне не аднаго міжурадавага пагадненьня, а цэлага пакету дакумэнтаў. Самая складаная задача — уніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўстваў, на што можа спатрэбіцца 2–2,5 года.