«Дзесьці, па-мойму, 4 лістапада, у Дзень народнага адзінства Расеі, мы правядзём гэтае мерапрыемства — Вышэйшы дзяржсавет», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з старшынём Сьледчага камітэту Расеі Аляксандрам Бастрыкіным.
На пасяджэньні плянуецца зацьвердзіць праграмы «саюзнай дзяржавы», узгодненыя 9 верасьня на сустрэчы з Пуціным. Да гэтай даты іх дашліфуюць і прымуць урады абедзьвюх краін, адзначыў Лукашэнка.
«У гэтым кірунку ўжо пачатая сурʼёзная праца. Трэба перавярнуць цэлы пласт унутранага заканадаўства, каб прыстасаваць да гэтых дамоўленасьцяў. І асабліва нашыя міждзяржаўныя дамовы — яны таксама павінны адпавядаць нашым дамоўленасьцям», — сказаў Лукашэнка.
10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм і асноўныя кірункі стварэньня «саюзнай дзяржавы» да 2023 году, паведаміў сайт расейскага ўраду.
Якія кірункі інтэграцыі ўхвалілі
Банкі і грошы
1. Збліжэньне макраэканамічнай палітыкі.
2. Гарманізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і рэгуляваньня фінансавых рызыкаў
3. Гарманізацыя валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю
4. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне інфармацыйнай бясьпекі ў фінансавай сфэры
5. Гарманізацыя нормаў рэгуляваньня крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама фінансавага рынку ў цэлым, уключна з забесьпячэньнем стварэньня адзіных прынцыпаў страхаваньня ўкладаў
6. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне супрацьдзеяньня легалізацыі (адмываньню) грашовых сродкаў і фінансавага тэрарызму (супрацьдзеяньня адмываньню даходаў і фінансаваньню тэрарызму) для фінансавага сэктару
7. Інтэграцыя плацёжных сыстэмаў у галінах
- нацыянальных сыстэмаў плацёжных картаў,
- сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў,
- укараненьня міжнароднага стандарту фінансавых паведамленьняў ISO 20022,
- сыстэмы хуткіх плацяжоў,
- разьвіцьця фінансавых тэхналёгій,
- гарманізаваных падыходаў у галіне нагляду і назіраньня за плацёжнымі сыстэмамі
Гандаль і кантроль за таварамі
8. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвэстараў, а таксама прадухіленьня нядобрасумленных практык на фінансавым рынку
9. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў што да адсочвальнасьці тавараў
10. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў
11. Гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства і супрацоўніцтва ў мытнай сфэры. Будзе створаны Камітэт саюзнай дзяржавы ў падатковых пытаньнях
12. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у частцы вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю
Транспарт
13. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў
14. Уніфікацыя рэгуляваньня транспартнага рынку
Нафта, газ, электраэнэргія
15. Фармаваньне абʼяднанага рынку газу. (З тэрмінамі плянуюць вызначацца да 1 сьнежня 2023 году)
16. Фармаваньне абʼяднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў
17. Фармаваньне абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі
18. Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі
Гаспадарка і дзяржзакупкі
19. Фармаваньне адзінай аграрнай палітыкі
20. Фармаваньне адзінай прамысловай палітыкі
21. Увядзеньне адзіных правілаў доступу да дзяржаўнай замовы і дзяржаўных закупак
Правы спажыўцоў і канкурэнцыя
22. Адзіныя правілы ў галіне абароны правоў спажыўцоў плянуюць прыняць да канца 2022 году
23. Адзіныя правілы канкурэнцыі
24. Уніфікацыя патрабаваньняў да арганізацыі і ажыцьцяўленьня гандлёвай дзейнасьці
Сувязь, турызм, справаздачнасьць, занятасьць
25. Фармаваньне адзіных прынцыпаў функцыянаваньня адзінага рынку сувязі і інфарматызацыі
26. Уніфікацыя рэгуляваньня бухгальтарскага ўліку і складаньня бухгальтарскай (фінансавай) справаздачнасьці
27. Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турысцкай дзейнасьці
28. Правядзеньне ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сфэры
Урады Беларусі і Расеі «адзначылі цьвёрды намер не спыняцца на дасягнутым».
Што было раней
Пятая за 2021 год сустрэча двух палітыкаў прайшла 9 верасьня ў Маскве. Яна доўжылася 3,5 гадзіны. Пасьля сустрэчы Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выступілі на прэс-канфэрэнцыі.
Пуцін паведаміў, што на перамовах з Лукашэнкам былі ўзгодненыя 28 праграм па далейшым паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў паміж дзьвюма краінамі.
«Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграм, якія накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўваньне ўмоў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў дзьвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фармаваньне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі», — растлумачыў Пуцін.
Пра што канкрэтна дамовіліся Пуцін і Лукашэнка:
- цана на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году;
- да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб абʼяднаньні рынку газу;
- Пуцін і Лукашэнка дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы;
- заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.