Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2021 у ЗША: перамога рэспубліканца ў Вірджыніі стане тэстам для Байдэна


Глен Янгкін пасьля перамогі на выбарах губэрнатара Вірджыніі
Глен Янгкін пасьля перамогі на выбарах губэрнатара Вірджыніі

Пераканаўчая перамога рэспубліканца Глена Янгкіна на выбарах губэрнатара Вірджыніі, верагодна, натхніць і зарадзіць энэргіяй рэспубліканцаў перад важнымі прамежкавымі выбарамі ў наступным годзе, калі будзе вырашацца пытаньне пра кантроль над Кангрэсам — паведамляе «Голас Амэрыкі»

Апярэдзіўшы дэмакрата Тэры Макаліфа, Глен Янгкін, магчыма, стане прыкладам для рэспубліканскіх кандыдатаў у 2022 годзе, у той час як дэмакраты зараз павінны занепакоіцца з нагоды зьніжэньня рэйтынгу прэзыдэнта Джо Байдэна.

Для Байдэна і дэмакратаў гэта быў цяжкі год. Пандэмія COVID-19 працягваецца, а агмяні супраціву вакцынацыі застаюцца. Вывад войскаў з Афганістану быў расцэнены многімі як хаатычны і няўмелы.

Прэзыдэнт прыкладае вялікія намаганьні, каб згуртаваць памяркоўных і прагрэсіўных дэмакратаў вакол яго заканадаўчага парадку дня. У той жа час цэны на спажывецкія тавары, прадукты харчаваньня і паліва рэзка вырасьлі, і выбарнікі, як правіла, вінавацяць у гэтым партыю ўлады.

Прасьцей кажучы, Байдэн не даў выбарнікам, асабліва тым, хто не ўваходзіць у дэмакратычную базу, асаблівай нагоды для радасьці, — адзначае «Голас Амэрыкі».

Янгкін скарыстаўся гэтымі праблемамі. Параза Макаліфа ў штаце, дзе Байдэн перамог з разрывам у 10 адсоткавых пунктаў год таму, а таксама больш напружаная, чым чакалася, барацьба на выбарах губэрнатара штату Нью-Джэрсі, не пакідаюць сумневаў у тым, што палітычнае становішча дэмакратаў аслабла.

Макаліф восем гадоў таму перамог на губэрнатарскіх выбарах у Вірджыніі. Ён быў папулярным губэрнатарам, але канстытуцыя штату не дазваляе палітыкам займаць крэсла губэрнатара два тэрміны запар. Таму ён сышоў, а сёлета паспрабаваў вярнуць сабе пасаду.

«Дэмакратычная партыя мае сур’ёзныя праблемы, — заявіў у эфіры камэнтатар тэлеканалу Fox News Брыт Гʼюм. — Відавочна, што выбарнікі расчараваныя ў прэзыдэнце Байдэне, іх трывожыць інфляцыя, іх турбуе тое, што адбываецца ў школах, людзі раздражнёныя нашым катастрафічным зыходам з Афганістану».

Камэнтатары, блізкія да Дэмакратычнай партыі, прапануюць іншую інтэрпрэтацыю прычынаў паразы свайго кандыдата:

«Ня трэба забываць, што мы назіралі за тым, ці атрымаецца ў Тэры Макаліфа зрабіць тое, чаго нікому да яго зрабіць не ўдавалася, — кажа Лоўрэнс Аданэл, камэнтатар тэлеканалу MSNBC. — У гісторыі Вірджыніі быў толькі адзін выпадак, калі былы губэрнатар здолеў перамагчы на губэрнатарскіх выбарах двойчы. Гэта быў Мілс Годвін, які выйграў выбары ў 1965 годзе як кандыдат ад Дэмакратычнай партыі і ў 1973 годзе як рэспубліканец. Так што можна сказаць, што ў гэтым выпадку гістарычны прэцэдэнт узяў верх».

Янгкін атрымаў дадатковы імпульс у кампаніі, сканцэнтраваўшыся на пытаньнях адукацыі ў той час як школы сталі эпіцэнтрам некалькіх культурных войнаў у ЗША.

Рэспубліканскі кандыдат выкарыстаў напружанасьць паміж бацькамі і школьнымі радамі ў пытаньнях гендэру і так званай «крытычнай расавай тэорыі» як сьведчаньне таго, што школьныя праграмы занадта палявелі.

Макаліф, магчыма, дапусьціў самую вялікую памылку ў кампаніі, калі заявіў на дэбатах: «Ня думаю, што бацькі павінны ўказваць школам, чаму яны павінны вучыць».

Гэтая фраза неўзабаве стала галоўным аб’ектам нападаў Янгкіна ў яго рэкляме, і гэтая тэма ў цэлым, магчыма, знайшла водгук у шматлікіх бацькоў з прыгарадаў.

Згодна з экзітполам CNN, пераважная большасьць выбаршчыкаў (76%), якія лічаць, што бацькі павінны валодаць «істотным» правам голасу ў вызначэньні зьместу школьнага навучаньня, прагаласавалі за Янгкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG