Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сам вінаваты ў пакутах». Анархіста Мікіту Емяльянава працягваюць трымаць у карцары


Мікіта Емяльянаў на лаве падсудных
Мікіта Емяльянаў на лаве падсудных

Маці Емяльянава падазрае, што ён працягвае галадоўку.

Як мяркуе маці анархіста Мікіты Емяльянава, які адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4, яго зноў пакаралі карцарам. Анастасія Емяльянава спасылаецца на зьвесткі пра тое, што 11 кастрычніка яе сына пакаралі карцарам на 10 дзён, потым працягнулі тэрмін пакараньня яшчэ на 10 дзён.

31 кастрычніка ён мусіў выйсьці на сувязь, але гэтага не адбылося. Таксама Анастасія Емяльянава не выключае, што ўвесь час у карцары яе сын трымае галадоўку пратэсту.

«22 верасьня Мікіта выйшаў з карцара пасьля 42 дзён пакараньня і да 11 кастрычніка дакладна быў у сваёй звычайнай камэры. За гэты час пасьпеў адправіць нам два лісты. А 11 кастрычніка атрымаў яшчэ раз карцар і абвясьціў галадоўку пратэсту. Карцар для яго павінен быў скончыцца 31 кастрычніка. У апошнія выходныя месяца, якраз прыпадала на 31-га, яму паводле графіку звычайна дазваляюць зрабіць тэлефонны званок дамоў. Чакала ягонага званку, але так і не пазваніў. 1 і 2 лістапада зноў ніякага сыгналу. І лістоў больш няма. Таму мяркую, што пакаралі карцарам зноў на большы тэрмін, чым 20 дзён. Але даведаемся пра гэта, толькі калі выйдзе адтуль. Мінулым разам адседзеў там ажно 42 дні, дадавалі па 10 дзён альбо інакш за розныя парушэньні. Гэтак можа і цяпер паўтарыцца», — мяркуе Анастасія Емяльянава.

Паводле словаў жанчыны, яе сына каралі карцарам за парушэньне правілаў унутранага распарадку турмы. Што перастаў галіцца і стрыгчы валасы, ляжаў на ложку ўдзень і курыў там. Анастасія Емяльянава кажа, што гэта сын рабіў наўмысна на знак пратэсту. Супраць чаго пратэставаў Мікіта?

«Бо яму так і не далі спатканьня з каталіцкім сьвятаром, хоць заяву напісаў яшчэ ўлетку. Таксама яму не перадаюць лісты ад Зьмітра Паліенкі ды іншых людзей, а ён дакладна ведае, што яму пішуць. І яшчэ Мікіта быў абураны тым, што адміністрацыя ніяк не рэагавала на ягоную пісьмовую заяву, дзе ён прасіў даць магчымасьць атаварыцца за жнівень, калі сядзеў у карцары 42 дні».

Як Мікіта пачуваецца падчас верагоднай галадоўкі, маці невядома.

«З апошняга толькі ведаю пра яго, што ўжо на трэці прафіляктычны ўлік паставілі як схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў», — кажа маці Мікіты Емяльянава.

«Пакараньне адмяняць не зьбіраюцца»

Раней, у верасьні 2021 году, Емяльянава пазбавілі спатканьня з блізкімі, якое дазволена на строгім рэжыме раз на год. З гэтай прычыны сям’я палітвязьня накіравала зварот у адміністрацыю Магілёўскай турмы з просьбай адмяніць гэтую меру пакараньня і даць спатканьне. Паводле Анастасіі Емяльянавай, нядаўна яна атрымала адказ з адміністрацыі ўстановы.

«Мікіту там называюць злосным парушальнікам рэжыму, які нібыта сам вінаваты ў пакутах сваёй сям’і. Пакараньне адмяняць яны не зьбіраюцца».

Анархісту Мікіту Емяльянаву 21 год. Летась у лютым Савецкі раённы суд Менску прысудзіў яму 7 гадоў пазбаўленьня волі за напады на будынкі Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Пазьней Менскі гарадзкі суд скараціў пакараньне анархісту да 4 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ужо ў калёніі Мікіту Емяльянаву зьмянілі адбыцьцё пакараньня на турму. «Вясна» ды іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Емяльянава палітвязьнем. Паводле праваабаронцаў, ён асуджаны да «празьмерна жорсткага пакараньня, якое відавочна непрапарцыйнае таму, што ён учыніў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG