Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны: каля мяжы і на акупаваных тэрыторыях знаходзіцца 90 тысяч расейскіх вайскоўцаў


Міністэрства абароны Ўкраіны
Міністэрства абароны Ўкраіны

Міністэрства абароны са спасылкай на выведку паведамляе, што па стане на пачатак лістапада каля мяжы Ўкраіны і на акупаваных тэрыторыях Расея сканцэнтравала каля 90 тысяч сваіх вайскоўцаў.

Аднак Мінабароны не пацьвярджае некаторых паведамленьняў у СМІ, што перакідваньне адбылося цягам апошніх дзён.

У склад групоўкі расейскіх сілаў уваходзяць войскі 8-й, 20-й армій Паўднёвай і Заходняй вайсковых акруг, а таксама сілы і сродкі Чарнаморскага флёту РФ, гавораць у МАУ.

Акрамя таго, паблізу ўкраінскай граніцы базуюцца асобныя злучэньні і часткі 4-й, 6-й армій ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны паветрана-касьмічных сіл Узброеных сіл РФ. На часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей разгорнутыя і дзейнічаюць два вайсковыя карпусы расейскіх акупацыйных войскаў«, — паведамілі ў МАУ.

Паводле дадзеных ведамства, цягам другога паўгодзьдзя 2021 году паблізу мяжы Ўкраіны камандаваньне ўзброеных сіл Расеі правяло шэраг шырокамаштабных камандна-штабных вучэньняў.

У Мінабароны гавораць, што ў іх прыцягвалі войскі (сілы) Паўднёвай і Заходняй вайсковых акруг, а таксама асобныя часткі і падразьдзяленьні 41-й арміі Цэнтральнай вайсковай акругі і паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл РФ.

Пасьля завяршэньня мерапрыемстваў апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі часткі і падразьдзяленьні 41-й арміі засталіся ў эўрапейскай частцы Расеі, у прыватнасьці ў раёне населенага пункту Ельня, што ў Смаленскай вобласьці, на адлегласьці каля 260 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы з Украінай, дадалі ў МАУ.

Раней некалькі крыніц, у тым ліку аўтарытэтнае амэрыканскае выданьне The Washington Post, напісалі, што ў апошнія тыдні Расея аднавіла перамяшчэньне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай.

Газэта са спасылкай на неназваных суразмоўцаў сярод амэрыканскіх і эўрапейскіх чыноўнікаў адзначала, што гэта пачалося пасьля таго, як Крэмль завяршыў сумесныя зь Беларусьсю маштабныя вайсковыя вучэньні «Захад-2021» паўтара месяца таму.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны раней заявілі, што па стане на 1 лістапада дадатковага перакідваньня расейскіх падразьдзяленьняў, узбраеньня і вайсковай тэхнікі ў дзяржаўную мяжу з Украінай не зафіксавана.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў у камэнтары Радыё Свабода абверг дадзеныя заходніх мэдыяў пра верагодную канцэнтрацыю расейскіх войскаў на мяжы з Украінай і заявіў, што «ідзе сьвядомая дэзынфармацыя ўсяго грамадзтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG