Некалькі дзён жорсткіх перамоваў дыпляматаў пакінулі вялікую працу, якую трэба будзе зрабіць удзельнікам больш шырокай Канфэрэнцыі ААН аб клімаце (СОР26) у Шатляндыі, на якую большасьць лідэраў адправіцца наўпрост з Рыма, піша «Голас Амэрыкі».
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, які ў пятніцу папярэдзіў, што сьвет рухаецца да кліматычнай катастрофы, заявіў, што саміт у Рыме — гэта ня ўсё, на што ён спадзяваўся.
«Хоць я вітаю прыхільнасьць „Вялікай дваццаткі“ глябальным рашэньням, я пакідаю Рым зь нязьдзейсьненымі надзеямі, але яны, прынамсі, не пахаваныя. Наперад, да СОР26 у Глазга, каб захаваць мэту паўтараградуснага абмежаваньня і выканаць абяцаньні ў фінансаваньні і адаптацыі дзеля людзей і плянэты», — напісаў ён у Твітэры.
На долю краін «Вялікай дваццаткі» прыпадае прыкладна 80 працэнтаў сусьветных выкідаў парніковых газаў.
Абмежаваньне пацяпленьня паўтара градусамі Цэльсія — гэта тое, што, на думку экспэртаў ААН, павінна быць зроблена, каб пазьбегнуць драматычнага паскарэньня экстрэмальных кліматычных зьяваў, уключаючы засухі, штормы і паводкі.
У выніковым дакумэнце саміту гаворыцца, што цяперашнія нацыянальныя пляны ў абмежаваньні выкідаў мусяць быць узмоцненыя «ў выпадку неабходнасьці», але не зьмяшчаецца канкрэтнай спасылкі на 2050 год як тэрмін дасягненьня нулявых вугляродных выкідаў. Удзельнікі саміту ўзгаднілі больш расплывістую фармулёўку «прыкладна да сярэдзіны стагодзьдзя».
Як паведаміла агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на Associated Press, лідэры «дваццаткі» дамовіліся спыніць дзяржаўнае фінансаваньне вугальных электрастанцый за мяжой, але не паставілі мэтаў адмовіцца ад выкарыстаньня вугалю на сваіх тэрыторыях, што відавочна зьяўляецца рэвэрансам у бок Кітая і Індыі — галоўных крыніц вугляродных выкідаў.
Што тычыцца не зьвязаных з кліматам пытаньняў, лідэры «дваццаткі» падпісалі важнае пагадненьне аб увядзеньні глябальнага мінімальнага падатку на карпарацыі ў памеры 15 працэнтаў. Гэтае рашэньне накіраванае на прадухіленьне сытуацый, калі шматнацыянальныя кампаніі ўхіляюцца ад падаткаў, пераводзячы прыбыткі ў краіны з ультранізкімі стаўкамі, дзе яны могуць практычна ня весьці бізнэс.
Лідэры таксама заявілі, што яны прадоўжаць працу над ініцыятывай Францыі, накіраванай на тое, каб багатыя краіны перанакіравалі 100 мільярдаў даляраў фінансавай дапамогі ў бедныя краіны Афрыкі ў выглядзе спэцыяльных правоў запазычаньня — валютнага інструмэнту, які выкарыстоўваецца для фінансаваньня імпарту, што выдзяляецца МВФ. Асобныя краіны ўжо выдзелілі на гэтыя мэты каля 45 мільярдаў даляраў.