Першую дозу вакцыны супраць COVID-19 у Беларусі атрымалі каля 2,9 млн чалавек. Аб гэтым сказаў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.
Піневіч падкрэсьліў, што лічбы па колькасьці вакцынаваных растуць. Каля 2,9 млн чалавек прышчэпленыя першым кампанэнтам вакцыны. «Крыху менш за 4 працэнты вакцынаваных знаходзяцца ў стацыянарах, менш як 0,5 працэнта — у рэанімацыйных аддзяленьнях. Гэта паказвае эфэктыўнасьць вакцынацыі. Людзі нас пачулі. Мы не дапускаем ніякага ціску наконт вакцынацыі. Я мяркую, гэта вельмі важна», — сказаў міністар.
Як адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя, інтэнсіўнага зьніжэньня захворвальнасьці на COVID-19 пакуль не назіраецца. «Мы бачым павольную стабілізацыю. Аднолькавыя паступленьні хворых, расьце колькасьць выпісаных пацыентаў. Менш паступае ў стацыянары пацыентаў з пнэўманіямі. Гэта тэндэнцыя прадаўжаецца», — канстатаваў ён.