Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе трымаюцца за „ковідныя“ грошы». Як перажываюць каранавірус у невялікіх мястэчках


Мы пагаварылі з жыхарамі некалькіх невялікіх беларускіх мястэчак пра тое, як там перажываюць чацьвёртую хвалю каранавірусу.

Перавага: няма мэтро і грамадзкага транспарту

Жыхар Бярозаўкі, гораду з насельніцтвам у 10 тысяч, Іван (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя на іхнюю просьбу) мяркуе, што ў пандэмію малыя паселішчы маюць шэраг перавагаў перад Менскам ці абласнымі гарадамі. Перадусім, няма мэтро і грамадзкага транспарту. Людзі езьдзяць на ўласных аўтамабілях, роварах або ходзяць пешкі. Паветра ў мястэчку чысьцейшае.

«У Менску людзі бяруць таксі або едуць далёка грамадзкім транспартам, каб падыхаць сьвежым паветрам у сасновым лесе, а мы тут выйшлі — і ўжо ў лесе», — расказвае ён пра лепшыя ўмовы для здароўя.

Па назіраньнях суразмоўцаў, цяпер хварэе больш людзей, чым ва ўсе папярэднія хвалі. У тым ліку больш дзяцей і моладзі. Амаль ва ўсіх ёсьць сваякі, сябры, калегі, якія цяпер хварэюць або нядаўна перахварэлі. Пра каранавірус усё больш размоваў. То тут, то там расказваюць, хто ў каго хварэе, хто памёр, хто як сябе адчувае.

«Бабулі, як выходзяць з царквы, абмяркоўваюць, хто зь іхнх знаёмых памёр апошнім часам», — кажа Анастасія, жыхарка Ваўкавыску з насельніцтвам у 40 тысяч чалавек.

«Жартуюць, што маскі носяць тыя, хто супраць улады»

Апошнім часам людзей у масках у грамадзкіх месцах і нават на вуліцы стала значна больш. Надзяюць маскі цяпер нават тыя, хто раней ставіўся да іх скептычна. Людзі часьцей апрацоўваюць рукі санітайзэрам на ўваходзе ў краму, трымаюць дыстанцыю паўтара мэтра прынамсі ў аптэцы, дзе патэнцыйна больш хворых людзей.

Да раптоўнай адмены маскавага рэжыму бярозаўскія ставяцца з іроніяй.

«Жартуюць, што нехта сказаў Лукашэнку, што маскі носяць тыя, хто супраць улады, дык ён вырашыў паадмяняць», — кажуць яны.

Больш людзей вырашае вакцынавацца

Як расказвае Іван, у ягоным коле стала больш людзей, якія «рашуча хочуць вакцынавацца або ўжо вакцынаваліся». Аб прымусовых прышчэпках ён ня чуў. Адзінае, што абавязалі вакцынавацца работнікаў прытулку для пажылых людзей.

«Людзі вакцынуюцца. Мне здаецца, што ўплывае рэкляма, прапаганда вакцынаў. Але прышчапляецца, можа, толькі 20% насельніцтва», — мяркуе Валянціна.

Анастасія расказвае, што ў цэлым людзі ня надта хочуць вакцынавацца. Досыць шмат «ковід-дысыдэнтаў».

«Але калі яны бачаць, які жах робіцца, то разумеюць, што ўсё роўна трэба нешта рабіць», — камэнтуе жанчына.

Ад знаёмых лекараў Валянціна ведае, што вакцынаваныя паміраюць радзей і пераносяць хваробу лягчэй. Ваўкавысцы пераказваюць такую байку, што да 40 гадоў лепей прышчапіцца кітайскай вакцынай, а пасьля 40 гадоў — «Спутнікам». У горадзе гавораць пра выпадак, калі 38-гадовы мужчына памёр праз 3 дні пасьля другой дозы прышчэпкі.

«Хуткая» менш загружаная

У Бярозаўцы шпіталь застаецца «чыстай зонай». Усіх з падазрэньнем на каранавірус вязуць у суседнюю Ліду. Гэта 20–30 хвілін дарогі.

У малым мястэчку няма такой нагрузкі на брыгаду хуткай дапамогі. Прыкладам, зь Бярозаўкі пацыента забралі ў райцэнтар адразу пасьля ягонага званка ў «хуткую». А лідзкія мэдыкі сказалі чакаць 1,5–2 гадзіны, пакуль да яго дойдзе чарга. Па дарозе ў шпіталь цяжкім пацыентам даюць дыхаць кіслародам. Ці былі выпадкі сьмерці ў машыне «хуткай» па дарозе ў шпіталь за гэтыя 20 кілямэтраў, у Бярозаўцы ня чулі.

Валянціна расказвае, што ў шпіталь сталі забіраць толькі цяжэйшых хворых.

«Па колькасьці столькі ж пацыентаў, як і раней, але яны больш цяжкія. Прыкладам, двухбаковую пнэўманію цяпер могуць лячыць і дома. Раней зь ёю абавязкова шпіталізавалі», — кажа яна.

У лідзкім шпіталі, дзе нядаўна Аляксандра Лукашэнку ўгаворвалі надзець маску, некалькі аддзяленьняў аддалі пад каранавірус, у тым ліку новы будынак радзільнага дома.

У Ваўкавыску таксама шмат аддзяленьняў аддалі пад ковідных хворых, а «чыстыя аддзяленьні» скарачаюць і аб’ядноўваюць. Рэанімацыя падзеленая на «ковідных» і «няковідных» пацыентаў, аднак калідор, па якім вязуць хворых, у іх агульны.

«Ці ж вірус там ня лётае?» — задае рытарычнае пытаньне Валянціна.

Яшчэ адна спрэчная сытуацыя ў шпіталі: разносчыца ежы працуе і ў «ковідных» і ў «няковідных» аддзяленьнях адначасна.

Іван расказаў, што перанаселенасьці ў лідзкім шпіталі няма, на калідоры ніхто не ляжыць. Палаты прыбіраюць тры разы на дзень, мыюць падлогу, праціраюць падваконьні.

Лекару даплачваюць «за каранавірус» 1700 рублёў, санітарцы — 900

На ўмовы працы мэдыкі ня скардзяцца. У «чырвонай зоне» ўсе ў засьцерагальных касьцюмах: ад мэдыкаў да разносчыц ежы.

Знаёмая лекарка расказала Івану, што ў «чырвонай зоне» зарабляе ў 3 разы больш, чым калі працавала з інсультамі ў «чыстай зоне», прычым з апошнімі нагрузка была большая.

Вядома, што ў Ваўкавыску лекар атрымлівае 1700 рублёў як даплату за працу з каранавірусам да асноўнага заробку, мэдсястра — 1300 рублёў, санітарка — 900 рублёў. За тое, што мэдык выявіць каранавірус у пацыента зь «няковіднай палаты», ён таксама мае даплату. Такіх пацыентаў у шпіталі па некалькі на дзень.

«Усе трымаюцца за ковідныя грошы, цяжка ці не. Бо і ў чыстай зоне можна захварэць», — мяркуе Валянціна.

Лекары не адмаўляюцца ад працы з «ковіднымі» пацыентамі, хутчэй наадварот, хоць працаваць там і цяжка.

«Як толькі пачаліся гэтыя даплаты, толькі і было чуваць, што той пыласос купіў, той кампутар», — кажа Анастасія пра істотную розьніцу ў грашах для мэдыкаў.

Целы не кладуць у пакеты, труну адчыняюць

Ад чалавека, які займаецца пахаваньнямі ў Бярозаўцы, стала вядома, што ўсе сьмерці апошнім часам — праз каранавірус. Памірае ў сярэднім адзін чалавек на два дні. Па ўзросьце гэта пераважна старыя людзі: 60+, 70+. Самы малады, хто памёр ад каранавірусу, меў 50 гадоў. За апошнія тыдні бярозаўскія могілкі вырасьлі на некалькі магіл.

У ваўкавыскім шпіталі за выходныя памірае 15–19 чалавек, большасьць зь іх — ад каранавірусу. Сярод памерлых мала маладых, у асноўным за 50 гадоў і старэйшыя.

Моргі перапоўненыя. Пахаваньне людзей з пацьверджаным каранавірусам зьмянілася. Цяпер целы не кладуць у поліэтыленавыя пакеты, як раней. Па жаданьні сваякоў перад пахаваньнем і на адпяваньні труну адчыняюць. Раней гэта было строга забаронена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG