Банцэра ўжо зьмясьцілі на карантын. Месяц таму, 29 верасьня, суд вырашыў памяняць Ігару Банцэру рэжым утрыманьня — з абмежаваньня на пазбаўленьне волі.
Яму прызначылі рэшту пакараньня ў выглядзе 1 месяца і 25 дзён калёніі агульнага рэжыму (агулам 55 сутак).
У той жа дзень яго пасьля суду ўзялі пад варту і зьмясьцілі ў віцебскі СІЗА, дзе вязень адседзеў месяц.
Паколькі ў адпаведнасьці са зьменамі ў заканадаўстве 1 дзень у СІЗА цяпер лічыцца за 1,5 дня ў калёніі агульнага рэжыму, пасьля пераліку выходзіць, што Ігар Банцэр адбыў ужо 45 дзён з прызначанага тэрміну.
Хто такі Ігар Банцэр
- Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
- Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
- Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
- Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
- Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
- Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
- 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
- Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
- На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
- 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
- Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
- Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
- 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
- Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.