Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бразыліі ўхвалілі абвінавачаньні супраць прэзыдэнта за правал у барацьбе з COVID-19


Пратэст супраць прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару
Пратэст супраць прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару

Камісія Сэнату Бразыліі рэкамэндавала выставіць супраць прэзыдэнта абвінавачаньне ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Камісія Сэнату прагаласавала за выстаўленьне абвінавачаньняў супраць прэзыдэнта краіны Жаіра Балсанару за яго палітыку ў дачыненьні да каранавірусу, паведамляе DW. Сямёра з 11 сяброў камісіі рэкамэндавалі абвінаваціць Балсанару ў злачынствах супраць чалавечнасьці. Сэнатары таксама запатрабавалі выставіць афіцыйныя абвінавачаньні супраць 77 іншых асобаў, у тым ліку некалькіх міністраў і трох сыноў Балсанару.

У справаздачы сэнацкай камісіі па выніках паўгадавога расьсьледаваньня сьцьвярджаецца, што ўрад Балснару ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу «дзейнічаў павольна і наўмысна падвяргаў насельніцтва рэальнай рызыцы масавай інфэкцыі».

Справаздача аб’ёмам 1200 старонак будзе перададзена ў пракуратуру. Балсанару, аднак, можа не баяцца юрыдычных наступстваў, паколькі яго падтрымлівае генэральны пракурор Бразыліі Аўгуста Арас. Выглядае, яму таксама не не пагражае і працэдура імпічмэнту ў парлямэнце, бо ён мае ў Нацыянальным кангрэсе дастатковую падтрымку, каб перашкодзіць гэтаму.

Аднак рашэньне сэнацкай камісіі можа мець для Балнасару палітычныя наступствы, паколькі налета адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Паводле апытаньняў, Балсанару чакае поўная параза ад Луіса Інасію Лула да Сілва.

Балсанару адмаўляе адказнасьць за сытуацыю з каранавірусам. «Мы ведаем, што мы абсалютна ні ў чым не вінаватыя. Мы ведаем, што мы з самага пачатку дзейнічалі правільна», — заявіў ён на мінулым тыдні.

Бразылія займае трэцяе месца ў сьвеце ў колькасьці заражэньняў каранавірусам (21 748 984 зарэгістраваныя выпадкі), саступаючы толькі ЗША і Індыі, і другое месца пасьля ЗША ў сьмяротнасьці ад каранавірусу (606 293 сьмяротныя вынікі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG