Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Гродна Азоце» работнікам, якія пройдуць вакцынацыю ад COVID-19, заплацяць па 250 рублёў


Вакцынацыя ад COVID-19
Вакцынацыя ад COVID-19

Прэмію абяцаюць тым супрацоўнікам, хто прышчэпіцца да 3 сьнежня.

Пра ўмовы і тэрміны вакцынацыі супрацоўнікам «Гродна Азоту» расказаў на апэратыўнай нарадзе намесьнік генэральнага дырэктара ў сацыяльных пытаньнях і ідэалягічнай працы Рамуальд Барсук, паведамляе газэта прадпрыемства «Гродненский химик».

Ён зазначыў, што прэмія за вакцынацыю ў памеры 250 рублёў будзе выплачаная тым работнікам, якія зробяць прышчэпку да 58-годзьдзя «Азоту», што будзе адзначацца 3 сьнежня.

Таксама ў пэрыяд правядзеньня прышчэпачнай кампаніі пад увагай кіраўніцтва будзе актыўнасьць кіраўнікоў падразьдзяленьняў, паколькі самае галоўнае пытаньне для прадпрыемства, паводле Барсука, — «бесьперабойная праца вытворчасьці, якая непасрэдна залежыць ад здароўя і працаздольнасьці супрацоўнікаў».

На нарадзе гаварылі і пра фінансавыя паказчыкі прадпрыемства. Намесьнік генэральнага дырэктара ў эканоміцы і фінансах Дзьмітры Гарошка заявіў, што чысты прыбытак ад дзейнасьці «Гродна Азоту» склаў 278 мільёнаў рублёў.

Фінансавы вынік накіроўваўся на зьніжэньне крэдытнай нагрузкі, што дазволіла таварыству выйсьці са стану неплатаздольнага.

Дзе яшчэ плацяць за вакцынацыю

«Гродна Азот» ня першае прадпрыемства, дзе абяцаюць прэміяваць за вакцынацыю. Раней пра гэта заяўлялі на трох менскіх прадпрыемствах — трактарным заводзе, кандытарскай фабрыцы «Камунарка» і маторным заводзе.

У шэрагу прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці прынятыя рашэньні, каб матываваць людзей клапаціцца пра здароўе свае і сваіх блізкіх ва ўмовах пандэміі. Гэта запісана ў калектыўнай дамове альбо рэалізуецца ў загадзе дырэктара. Так, пры прад'яўленьні сэртыфікату аб вакцынацыі ад COVID-19 выдаецца матэрыяльная дапамога ў памеры ад 1 да 5 базавых велічынь у залежнасьці ад фінансавых магчымасьцяў прадпрыемстваў.

У прыватнасьці, работнікі «Шкловалакна» атрымліваюць па 100 рублёў, Віцебскай бройлернай фабрыкі — 50 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG