Камэнтар міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча апублікаваў тэлеграм-канал міністэрства здароўя.
Вось што сказаў міністар пра пандэмію і вакцынацыю
- Што тычыцца захворваньня: ёсьць моманты, якія даюць нам асьцярожны аптымізм. Самі па сабе тэмпы прыросту захворваньня трохі памяншаюцца. У апошні тыдзень мы бачым вельмі нязначную, але тэндэнцыю па зьніжэньні тэмпаў шпіталізацыі пацыентаў у стацыянары. Адзін з важных кампанэнтаў — на некалькі чалавек у суткі зьніжаецца колькасьць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах ШВЛ.
- Сытуацыя патрабуе ад нас намаганьняў, таму мы працягваем усіх пераконваць вакцынавацца. Першую дозу зрабілі ўжо больш за 27% беларусаў і мы прапануем і надалей працягваць прышчапляцца тым, хто гэтага не зрабіў. Таксама, як вы ведаеце, удакладненыя паказаньні і тэрміны рэвакцынацыі — прапануем прайсьці і гэтую працэдуру.
- Можна спрачацца пра вакцынацыю колькі заўгодна. Але з рэаніматолягамі, якія кожны дзень лечаць самых цяжкіх пацыентаў, спрачацца вельмі складана, а з патолягаанатамамі — бессэнсоўна.
- У ходзе эпідэміі аказаньне спэцыялізаванай мэдычнай або, скажам так, яе неперарываньне — адметная рыса нашай мадэлі. Па ўсёй краіне перапрафіляваныя крыху больш за 40% ложкавага фонду. Але ўсё РНПЦ у поўным аб’ёме працягваюць аказваць плянавую дапамогу. Абласныя шпіталі таксама аказваюць плянавую дапамогу.
Пра даручэньне Лукашэнкі аднавіць плянавую мэдычную дапамогу
- Пандэмія — гэта вайна. Таму даручэньне кіраўніка дзяржавы ўспрымаем як даручэньне, якое падлягае безумоўнаму выкананьню, як у ваенны час. Я выдатна разумею, што ўзмацненьне жорсткасьці патрабаваньняў да аказаньня плянавай мэдычнай дапамогі — складаная задача для сыстэмы аховы здароўя. Але мы адкарэктавалі пляны, пачынаючы з самага маленькага цэнтру і заканчваючы буйнымі. Плянавая дапамога адноўленая ў поўным абʼёме — у тым, у якім гэта неабходна і ў якім яна не будзе зьяўляцца эпідэміялягічнай пагрозай для саміх пацыентаў.
Дзьмітры Піневіч адзначыў, што трэба берагчы адзін аднаго і выконваць усе рэкамэндацыі мэдыкаў. Гэта зьніжае нагрузку на сыстэму аховы здароўя і ўсяляе ў людзей пачуцьцё бясьпекі.
Пасьля крытыкі Лукашэнкам увядзеньня абавязковага масачнага рэжыму міністэрства аховы здароўя ўнесла зьмены ў санітарныя нормы і правілы, зьвязаныя з COVID-19.
Зь іх цалкам выключылі пункт, які абавязваў людзей насіць маскі і трымаць дыстанцыю ва ўстановах, арганізацыях і грамадзкім транспарце.
Пазьней у камэнтары да зьменаў Мінздароўя адзначыла, што ўсё ж рэкамэндуе карыстацца маскамі падчас наведваньня абʼектаў і арганізацый «ва ўмовах наяўнай эпідэміялягічнай сытуацыі».