Сьцісла:
- «Пфляўмбаўм» пакуль ня мае выдавецкай ліцэнзіі і працуе ў партнэрстве зь іншымі выдавецтвамі.
- «Пфляўмбаўм» — назва канцэптуальная: мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй. Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць зь нябыту. Гэта былі пісьменьніцы, пісьменьніцы з талентам, але яны ня зьдзейсьніліся напоўніцу.
- Калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыцьцё Беларусі засталося б цалкам з мужчынскім тварам.
- Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — першы шэраг сучасных пісьменьніц і пісьменьнікаў у Беларусі.
— Растлумачце нам спачатку, што такое выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм». Гэта выдавецтва, якое мае фармальную рэгістрацыю, ці проста брэнд, які ажыцьцяўляецца пры дапамозе нейкага іншага выдавецтва?
— Гэта такая выдавецкая ініцыятыва, якая мае на мэце спрыяць выданьню літаратуры пісьменьніц, жанчын. Найперш гэта моцная інтэлектуальная літаратура, як мастацкая, так і дакумэнтальная. У нас ужо выйшлі дзьве кнігі — гэта Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна.
Фармальна мы зарэгістраваныя як арганізацыя, але пакуль што ня маем выдавецкай рэгістрацыі, таму працуем у партнэрстве зь іншымі беларускімі выдавецтвамі, якія маюць такую рэгістрацыю. У прынцыпе мы зь любым выдаўцом можам падпісаць дамову і такім чынам выступаць як выдавец.
— Я хачу яшчэ папрасіць вас растлумачыць назву «Пфляўмбаўм» — адкуль яна ўзялася?
— Гэта ўсё насамрэч канцэптуальна. Прыдумала гэтую назву я, таму што перада мной стаяла такая задача. Паколькі мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй… У прынцыпе, у любой сфэры яны маюць большыя цяжкасьці ў тым, каб атрымаць нейкую прамоцыю. Калі вы паглядзіце на тыя кнігі, напрыклад, якія перакладаюцца на беларускую мову, то замежных аўтарак там значна менш, чым мужчын. І гэта не выпадковасьць. Тая самая сытуацыя зь беларускімі пісьменьніцамі, то бок у прынцыпе да жаночай творчасьці існуе пэўны скепсіс, і мы маем на мэце такі скепсіс пераадольваць і дапамагаць жанчынам.
Гэта не праблема цяперашняга моманту, зь якой аўтаркі сутыкаюцца толькі цяпер. У мінулым было яшчэ горай. Калі паглядзім на школьную праграму, то знойдзем там вобмаль жаночых імёнаў. Калі мы зойдзем у Нацыянальную бібліятэку ў Менску і паглядзім на прыгожыя пано, якія ўпрыгожваюць сьцены Нацыянальнай бібліятэкі, то там будуць выявы волатаў беларускай літаратуры, і гэта будуць мужчыны. Там усяго некалькі жанчын.
Дакладна ўсіх не згадаю, але там, напрыклад, ёсьць Алаіза Пашкевіч, у якой не было дзяцей. Але вось каля гэтых жанчын, якія там на пано, намаляваныя дзеці… То бок у мінулым жанчыне было яшчэ цяжэй увайсьці ў літаратуру і сьцьвердзіцца як інтэлектуалцы. І вось Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць зь нябыту. Гэта былі пісьменьніцы, пісьменьніцы з талентам, але яны ня зьдзейсьніліся напоўніцу. Чаму яны ня зьдзейсьніліся — гэта асобная гаворка. Вось мы хацелі паказаць, што мы ня ўзьніклі зь ніадкуль, у нас ёсьць грунт, у нас ёсьць карані — тыя жанчыны, якія спрабавалі, тыя жанчыны, у якіх, магчыма, не атрымалася.
Дапусьцім, Алаіза Пашкевіч неяк зацьвердзіла сваё імя, змагла выказацца, засталіся нейкія яе тэксты і яе імя гучыць, нават прэмія яе імя зьявілася ў беларускай літаратуры. Яўгенія Пфляўмбаўм дэбютавала ў 1920-х гадах, разам са сваімі каляжанкамі, Зінаідай Бандарынай і Натальляй Вішнеўскай, і далей адбыўся той вельмі часты сцэнар для жанчыны-творцы: калі жанчына выходзіць замуж, яна зьнікае. Яна зьнікае з прафэсійнай рэалізацыі, зь відавоку, з бачнасьці.
Вось сёньня мы гаварылі (падчас дыскусіі на кніжным кірмашы ў Празе. — РС) пра жаночы твар беларускай літаратуры — гэта толькі папулісцкая фармулёўка, якая прыцягвае ўвагу, ці гэта сапраўды нейкі канцэпт, пра які варта гаварыць? Дзякуючы чаму зьявіўся гэты жаночы твар? Ён бы, хутчэй за ўсё, не зьявіўся, калі б ня ўзьнікла гэтага крызісу.
Я казала пра тое, што калі б сытуацыя была нармальная, калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыцьцё Беларусі засталося б з мужчынскім тварам цалкам. Калі мы паглядзім у тэлевізары, хто сядзіць і прымае рашэньні, то пераважна мы ўбачым мужчынскія твары. І гэтак працягвала б быць, калі б усё было добра і добрыя мужчыны таксама атрымалі магчымасьць балятавацца. Толькі ў крызіснай сытуацыі, калі, умоўна кажучы, кепскія мужчыны пасадзілі добрых мужчын, у жанчын зьявілася магчымасьць выйсьці і заняць лідэрскія пазыцыі, як у Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай. Калі б гэты вакуўм ня ўзьнік, яны б не атрымалі такой магчымасьці. Тое самае зь беларускай літаратурай. Гэта тэма для роздумаў.
— Я думаю, што гэта праблема ня толькі беларускай літаратуры і беларускага асяродзьдзя ці беларускай палітыкі і краіны — гэта шырэйшая тэма, сусьветная. Калі паглядзім, колькі жанчын атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, то я ня ведаю, ці набярэцца 10% ад усіх ляўрэатаў, ну, можа, 15% (14 ляўрэатак на агульны лік 114 прэміяваных, гэта значыць 12,3%. — РС). Тое самае з Ганкураўскай прэміяй у Францыі, дзе жанчын-ляўрэатак няшмат. У Францыі нават узьнікла прэмія Femina з выключна жаночым журы, якое стараецца ліквідаваць гэты гендэрны дысбалянс у прэміяваньні літаратараў. Гэта зразумелая мне праблема. Але…
Недзе гады два таму я зрабіў агляд кандыдатаў на беларускую прэмію імя Гедройця. Я тады паставіў даволі правакацыйны загаловак гэтага відэа: можа нарэшце дадуць жанчыне. Ведаеце, не мужчыны абразіліся на мяне, а менавіта жанчыны, якія вядомыя, скажам, сваёй фэмінісцкай ангажаванасьцю. Яны мне закідалі, што гэтым загалоўкам я нібыта прынізіў жанчын, ну бо, маўляў, жанчын павінны ацэньваць за заслугі, а не за тое, што яны ёсьць і што трэба неяк ураўнаважваць сытуацыю. Я гэтым хачу сказаць, што вельмі цяжка гаварыць пра такія тэмы, пра гендэрны балянс у літаратуры і культуры. Што б ні сказаць, вы заўсёды трапляеце на нажы…
— Трэба ўважліва сачыць за сытуацыяй і спрабаваць разабрацца, чаму гэтая сытуацыя такая… Натуральна, што жанчыны хочуць быць ацэненымі паводле прафэсійных якасьцяў. Але вось паглядзіце на нашу сытуацыю — ці горшая ў сваіх прафэсійных якасьцях Марыя Калесьнікава і Сьвятлана Ціханоўская? Ці горшыя яны за мужчын-палітыкаў? Разумееце, жанчыны адчуваюць, што ў іх няма аўтарытэту, што няма даверу да іх прафэсійных якасьцяў. Калі ставіцца роўна і даваць ім магчымасьць праявіцца, тады яны будуць ацэньвацца па якасьцях, і тады ня будзе гэтага дысбалянсу. У патрыярхальным грамадзтве, трэба адзначыць, акурат мужчыны атрымліваюць (загадзя. — РС) плюс некалькі працэнтаў даверу да таго, што яны робяць. Атрымліваецца, што якраз у мужчын ёсьць гэты «задзел», то бок яны могуць быць роўныя прафэсійна, але да мужчыны давер будзе большы, і ён атрымае прыярытэт. Вось на гэта трэба зважаць.
— Чаму першымі кнігамі ў вашым выдавецтве аказаліся кнігі Тані Скарынкінай і Евы Вежнавец? Хто прапанаваў вам гэтыя кнігі?
— Быць жанчынай недастаткова, каб надрукавацца ў нас. Галоўнае — гэта высокія мастацкія якасьці тэксту. Мне было вядома, што Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — гэта вельмі добрыя пісьменьніцы. Я асабіста адношу іх да першага шэрагу сучасных пісьменьніц і пісьменьнікаў у Беларусі. Я лічу, напрыклад, што ўсё, што яны пішуць, — практычна любое выказваньне — зьяўляецца літаратурай.
— У кожным разе можна падсумаваць, што «стрэл» гэтымі дзьвюма кнігамі ня быў халасты. Абедзьве кнігі апынуліся ў доўгім сьпісе прэміі Гедройця. Пажадаем ім, каб яны апынуліся таксама ў кароткім сьпісе і, магчыма, атрымалі прэміі (кароткі сьпіс, у якім яны таксама апынуліся, быў абвешчаны пасьля запісу гэтай размовы. — РС). Што далей з выдавецкай ініцыятывай «Пфляўмбаўм»? Маеце на ўвазе ўжо нейкія канкрэтныя кніжкі і канкрэтных аўтарак?
— Ёсьць шэраг кніг, як беларускіх аўтарак, так і перакладных. Але, сапраўды, мы стартавалі ў найгоршым часе і найгоршай сытуацыі, у якой можна было стартаваць. Таму наша дзейнасьць укладзеная ва ўсю гэтую сытуацыю, у якой мы знаходзімся. Але неўзабаве павінен зьявіцца шэраг такіх кніг. Я думаю, што яны таксама будуць заўважаныя.