Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук стварае лічбавую калекцыю выданьняў Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульт) — першай навуковай установы ў найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта на базе Інбелкульту ў 1928 годзе заснавалі Беларускую акадэмію навук.
Мэта праекту — выкласьці ў адкрыты доступ у лічбавым выглядзе калекцыю выданьняў інстытуту, якая захоўваецца ў фондах НАН Беларусі.
Праект будзе складацца таксама зь іншых разьдзелаў: гісторыя Інбелкульту, віртуальная выстава выданьняў, фотагалерэя, архіўныя дакумэнты.
«Ініцыюючы гэты праект, мы былі матываваныя тым значэньнем, якое мае Інбелкульт у гісторыі Беларусі, тым уражаньнем, якое пакідае яго гісторыя. Ня маючы інстытуцыйных папярэднікаў, ён усяго толькі за сем гадоў змог сфармаваць паўнавартасныя навуковыя веды аб Беларусі, ператварыць яе ў адзін з цэнтраў навуковага жыцьця, стварыць інтэлектуальную эліту краіны.
Дасягненьні Інбелкульту нельга зводзіць да адной навукі. Ён узначаліў шырокі культурны і нацыянальны рух, стаў сыстэмаўтваральнай інстанцыяй, генэратарам і выразьнікам ідэй, актыўны, жывы і творчы водгук на якія з боку грамадзтва вызначаў новыя канфігурацыі культуры і фармаваў нацыянальную ідэалёгію», — пішуць стваральнікі праекту на сайце бібліятэкі.
Праца над праектам і напаўненьне сайту дакумэнтамі працягваецца, аднак ужо цяпер можна азнаёміцца з гісторыяй Інбелкульту, яго фотагалерэяй, дапоўненай вытрымкамі з дакумэнтальных крыніц, выданьняў Інстытуту і ўспамінаў пра яго дзейнасьць.