Генэральнае консульства Беларусі ў Нью-Ёрку закрылася ў адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў Беларусі, якую падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, перадае ТАСС.
Адпаведны дакумэнт апублікаваны ў сераду на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Закрыць да 20 кастрычніка 2021 году генэральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г. Нью-Ёрку (Злучаныя Штаты Амэрыкі)», — гаворыцца ў дакумэнце.
Генэральнае консульства раней паведаміла, што спыняе працу 21 кастрычніка на патрабаваньне амэрыканскага боку. Грамадзяне Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі консульскай акругі генэральнага консульства, уключаючы Канаду, пасьля яго закрыцьця змогуць зьвяртацца ў амбасаду Беларусі ў ЗША.
МЗС Беларусі выказаў шкадаваньне ў сувязі з патрабаваньнем Вашынгтону закрыць консульства ў Нью-Ёрку.
Сёлета ўлетку, пасьля аднаўленьня амэрыканскіх санкцый у дачыненьні да Менску, МЗС Беларусі прапанаваў ЗША да 1 верасьня скараціць колькасьць свайго прадстаўніцтва ў Менску да пяці чалавек. Таксама беларускі бок адклікаў раней выдадзеную згоду на прызначэньне Джулі Фішэр паслом ЗША ў Беларусі.
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША