Вілейскаму актывісту Андрэю Кудзіку прысудзілі 90 сутак арышту. Пра гэта піша «Вясна» са спасылкай на інфармацыю атрыманую ад сяброў Андрэя.
Паводле праваабаронцаў, Кудзіка затрымалі 9 жніўня. Пакуль ён знаходзіцца ў ізалятары ў Смалявічах, але магчыма, што яго вернуць ў вілейскі ІЧУ.
Палітвязень Фурманаў ня выйшаў з ШЫЗА
Палітзьняволенага Дзьмітрыя Фурманава ня выпусьцілі са штрафнога ізалятару пасьля адбыцьця там пакараньня цягам 38 дзён. Як паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют», у панядзелак яго зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА. Прычына пакуль невядомая.
Дзьмітрыя Фурманава затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Ён зьбіраў за яе подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезьлі ў міліцыю.
Фурманаў атрымаў два гады калёніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ён некалькі разоў галадаваў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам зь ім пад сьценамі «Валадаркі» галадалі ягоная маці і дзяўчына. Пасьля пераліку тэрміну паводле новага заканадаўства Дзьмітры павінен выйсьці не ў канцы траўня 2022 году, а сёлета ў канцы кастрычніка.
Пачаўся суд над ураджэнкай Узбэкістану, якую вінавацяць паводле трох артыкулаў
У судзе Полацку і Полацкага раёну 14 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы 52-гадовай прадавачкі Зухры Берасьневай, якая абвінавачваецца адразу па трох артыкулах КК: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369), гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364) і паклёп (арт. 188).
Справу разглядае судзьдзя Андрэй Дзергачоў. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе памочнік пракурора Мікіта Белавусаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ураджэнку Ўзбэкістану абвінавацілі ў тым, што яна 22 кастрычніка 2020 году публічна абразіла начальніка і супрацоўнікаў Полацкага РАУС Аляксандра Гаруса, Віталя Шашукова і Дзяніса Карасёва. Прычынай стала паведамленьне, якое Зухра Берасьнева пад нікнэймам «Ачумець» пакінула ў тэлеграм-суполках «Новополоцк97» і «Полоцк97». Згодна з заключэньнем судова-лінгвістычнай экспэртызы, яно зьмяшчае нэгатыўную ацэнку гэтых супрацоўнікаў і зьяўляецца ненарматыўнай формай выказваньня, а таксама мае прыкметы вэрбальнай агрэсіі (арт. 369 КК).
Паводле сьледзтва, летась 22 кастрычніка жанчына таксама нібыта выказала пагрозу ў дачыненьні да начальніка аддзела аховы правапарадку аддзела прафіляктыкі грамадзкай бясьпекі падпалкоўніка Дзяніса Карасёва, якую ён успрыняў як рэальную.
23 кастрычніка яна разьмясьціла паведамленьне ў суполках «Наваполацк97» і «Полацк97» «Шакуноў брыдота, будзем зьнішчаць цябе да апошняга, цябе ... (нецэнзурнае слова)», якое нібыта зьмяшчае пагрозу ў адрас намесьніка начальніка Полацкага ІЧУ маёра Віталя Шашукова
18 сьнежня 2020 году Зухра пераслала публікацыю з суполкі «Чорная кніга Беларусі» пра сілавіка Дзяніса Карасёва ў чат «Стоп таракан. Свободу Сергею Тихановскому».
Зухра Берасьнева прызнала віну часткова. У самым пачатку паседжаньня жанчына адмовілася ад адваката.
Васьмёра новых палітвязьняў
Як паведамляе «Вясна», беларускія праваабаронцы абвясьцілі палітвязьнямі яшчэ васьмёра чалавек: Міхала Чамураку, Уладзімера Сушко, Аляксандра Літвішчанку, Аляксандра Жыхарэвіча, Аляксандра Курганскага, Аксану Касьпяровіч, Артура Жвірыдоўскага і Ігара Бузука. Агульны лік палітвязьняў у Беларусі: 812.