Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчымы і беларускі, і расейскі штам». Мікрабіёляг разбурае распаўсюджаныя міты пра вакцынацыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна расказвае, чаму прышчэпка — адзіны надзейны спосаб барацьбы з пандэміяй, параўноўвае вакцыну з адмычкай, тлумачыць, як яна дзейнічае, і разбурае найбольш распаўсюджаныя міты пра вакцынацыю.

Яна тлумачыць прычыны нізкага ўзроўню вакцынацыі і складнікі пасьпяховай вакцынацыі.

Сьцісла

  • У эпідэміёлягаў і мікрабіёлягаў была надзея, што вірус эвалюцыянуе ў бок менш цяжкага захворваньня, як гэта было са сьвіным грыпам. З COVID-19 гэтага не адбылося.
  • Штам Дэльта зьявіўся ў Індыі, дзе прышчэпкі ўжо рабілі, але было вакцынавана ўсяго 10–15% насельніцтва. Новыя штамы ўзьнікаюць там, дзе ёсьць як людзі з імунітэтам, так і людзі без імунітэту.
  • Разумею, што ў Беларусі ані расейскай, ані кітайскай вакцыне даверу няма таму, што яна расейская і кітайская. Калі б у Беларусі былі вакцыны, даступныя ў Брытаніі, я ня ведаю, ці зьмянілася б сытуацыя.
  • Чым лягчэй вы перахварэлі на каранавірус, тым большая імавернасьць, што вы перахварэеце другі і трэці раз. Калі імуннай сыстэме ўдалося лёгка пераадолець вірус, то імунны адказ будзе ня вельмі моцны і доўгі.
  • Асноўны міт — што вакцына ня выпрабаваная, экспэрымэнтальная. Пра гэта можна было гаварыць год таму. Цяпер усімі вакцынамі прышчапіліся мільёны людзей, у тым ліку «Спутнікам» і Sinovac’ам.

«Адзіны надзейны спосаб абараніцца ад каранавірусу — масавая вакцынацыя насельніцтва»

— Вікторыя, вы ўраджэнка Беларусі, скончылі біялягічны факультэт БДУ, далей працягвалі навуковую кар’еру ў Вялікай Брытаніі, вывучалі малекулярную біялёгію ў Эдынбургу, цяпер вы супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту. Як навуковец — як бы вы ацанілі, на якім этапе ў змаганьні з каранавіруснай інфэкцыяй цяпер знаходзіцца чалавецтва? І калі гаварыць пра розныя рэгіёны ў сьвеце, пра Беларусь, — дзе сытуацыя найбольш крытычная, а дзе відаць сьвятло ў канцы тунэля?

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

— Чалавецтва падзялілася на некалькі абласьцей. Адна — Захад. Другая — краіны, дзе сытуацыя з каранавірусам горшая, бо там не прайшла вакцынацыя належным чынам. І трэцяя — бедныя краіны кшталту Афрыкі, дзе ніхто ня ведае, што адбываецца. Там ня могуць тэставаць і таму ня ведаюць, што будзе далей. Згадаем эпідэмію СНІД, якая пачалася на Захадзе. Далей Захад вынайшаў лекі, каб зь ёю змагацца, і яна стала эндэмічнай, але ў Афрыцы па-ранейшаму ад яе паміраюць, бо ў іх няма грошай на змаганьне з гэтай хваробай.

Як беларуска я вельмі засмучаная тым, што адбылося ў Беларусі. Першую хвалю ўсе сустрэлі вельмі дрэнна, ніхто да яе ня быў падрыхтаваны. Была вялікая сьмяротнасьць у Вялікай Брытаніі, і па-ранейшаму яна застаецца адной з самых высокіх, бо яны дакладна фіксуюць прычыну сьмерці. У Беларусі ўрад адпачатку заняў пазыцыю, што гэта ўсё лухта, што чарка і скварка — і ўсё пройдзе. З часам і ім стала зразумела, тады перапрафілявалі мэдычныя ўстановы.

У эпідэміёлягаў і мікрабіёлягаў была надзея, што вірус эвалюцыянуе ў бок менш цяжкага захворваньня, як, напрыклад, гэта адбылося са сьвіным грыпам, ад якога таксама чакалі высокай сьмяротнасьці, але ён перайшоў у лёгкую форму. З COVID-19 гэтага не адбылося. Наадварот, формы, якія адбіраюцца ў працэсе эвалюцыі, больш цяжкія — скарачаецца інкубацыйны пэрыяд, людзі, якія цяжка хварэюць, маладзеюць.

Меркавалася, што людзі набудуць імунітэт, і гэта само па сабе сыдзе. Але натуральны імунітэт не захоўваецца доўга. Чым лягчэй чалавек хварэе, тым меней захоўваецца імунітэт, да таго ж дастаткова вялікая колькасьць людзей хварэе ў лёгкай форме або зусім без сымптомаў. Таму адзіны надзейны спосаб абараніцца ад каранавірусу — масавая вакцынацыя насельніцтва. Пра гэта гаварылі ад самага пачатку, што трэба стварыць калектыўны імунітэт (калі ў людзей ёсьць антыцелы).

Імунітэт можа стварацца натуральным шляхам, калі ўсе перахварэлі, альбо з дапамогай прышчэпак. Напачатку была надзея, што ўсе перахварэюць і створыцца імунітэт. Брытанія зьбіралася пайсьці па гэтым шляху, па шляху, якім пайшла Беларусь. Але калі даведаліся, што прагназуюць паўмільёна сьмерцяў, зразумелі, што гэта будзе канец ураду. У Беларусі няма такога мэханізму ўраду, які ня справіўся. І паколькі людзі мала вакцынуюцца ў Беларусі, мы маем сытуацыю, калі чацьвёртая хваля вельмі падобная да першай — шпіталі перапоўненыя, людзі паміраюць, і канца гэтаму не відаць.

Была надзея, што ўсё будзе разьвівацца па шляху «гішпанкі» (эпідэміі грыпу на пачатку 20 стагодзьдзя). Там было чатыры хвалі, яны паступова зьніжаліся, меней людзей хварэла, і імунітэт быў больш трывалы. Што будзе цяпер? Нішто не перашкаджае далейшаму ўзмацненьню распаўсюду вірусу і адбору новых штамаў, якія будуць яшчэ больш сьмяротныя, чым тыя, што ўжо ёсьць.

«Вакцына AstraZeneca, якой прышчапіліся я і мой муж, эквівалентная „Спутніку“»

— Я прапаную параўнаць сытуацыю ў Беларусі, дзе вельмі нізкі ўзровень вакцынацыі і вялікі недавер людзей да прышчэпак ад каранавірусу, і ў Вялікай Брытаніі, адкуль пайшоў адзін з новых штамаў каранавірусу, дзе вельмі актыўна адбывалася вакцынацыя і ёсьць яе рэальныя вынікі. У чым прынцыповая розьніца? Бо людзі ж аднолькавыя — значыць, у сыстэме справа? Які брытанскі досьвед мог бы прыдацца Беларусі?

— Брытанскі штам, так званы Альфа-варыянт, быў першым варыянтам, які істотна адрозьніваўся ад зыходнага вірусу. Ён зьявіўся ў лістападзе 2020 году, яшчэ да таго, як прышчэпкі сталі шырока распаўсюджаныя. Цяперашні варыянт Дэльта зьявіўся ў Індыі, дзе прышчэпкі ўжо рабілі, але было вакцынавана ўсяго 10–15% насельніцтва. Новыя штамы ўзьнікаюць там, дзе ёсьць як людзі з імунітэтам, так і людзі без імунітэту.

Чаму Брытанія так адрозьніваецца ад Беларусі з пункту гледжаньня стаўленьня да вакцынацыі? Безумоўна, гэта давер да ўраду. Але і давер да навукі таксама. У Брытаніі вельмі добра пастаўленая навуковая асьвета насельніцтва. Таму людзі не баяцца, калі ім кажуць, што ёсьць новая вакцына, Яе зрабілі ў Оксфардзе, а Оксфарду давяраюць.

Я разумею, што ў Беларусі ані расейскай, ані кітайскай вакцыне даверу няма таму, што яна расейская і кітайская. Калі б у Беларусі былі даступныя вакцыны, якія даступныя ў Брытаніі, я ня ведаю, ці зьмянілася б сытуацыя. Справа не ў вакцынах. Гэта проста адгаворка.

Вакцына AstraZeneca, якой прышчапіліся я і мой муж, эквівалентная «Спутніку». Ёсьць амэрыканскі рух антываксераў, ён ёсьць і ў Брытаніі. Аргумэнты былі тыя ж самыя — гэта новая экспэрымэнтальная вакцына, якая ўбудуецца ў вашу ДНК, якія будзе вас чыпаваць. Усе гэтыя антываксэрныя гісторыі проста перакладаюць на розныя мовы, іх не прыдумляюць. Але людзі ім ня вераць, бо ў Брытаніі была добра праведзеная агітацыйная кампанія. Кожны этап ад самага пачатку тлумачыўся, расказвалася, якія былі выпрабаваньні, якія іх вынікі. Да таго ж быў даволі доўгі карантын у Брытаніі, і людзі былі гатовыя прышчапіцца чым заўгодна, каб выйсьці з карантыну. Далей AstraZeneca прайшла выпрабаваньне ў эўрапейскіх краінах ЭЗ, якія праз Brexit ня вельмі хацелі яе браць. Тут справа не ў навуцы, а ў стаўленьні людзей да навукі, да прышчэпак у прыватнасьці. Гэтую асьвету трэба было пачынаць шмат гадоў таму, дзеля таго каб людзі верылі.

«Беларускі варыянт штаму каранавірусу магчымы, магчымы і расейскі варыянт»

— Вы гаварылі пра тое, што штам Дэльта ўзьнік, калі прышчэплена было 15% насельніцтва і многія хварэлі. У Беларусі падобная сытуацыя. Ці ёсьць верагоднасьць узьнікненьня беларускага штаму і ці будзе ён выяўлены?

— Мне не хацелася б палохаць, але беларускі варыянт штаму магчымы. І магчымы расейскі варыянт. У Расеі сытуацыя з прышчэпкамі лепшая, чым у Беларусі. Але там, як і ў Індыі, у гарадах вялікая канцэнтрацыя насельніцтва. Магчыма, гэты новы штам ужо існуе, але пра яго ня чулі, бо яны мала вызначаюць пасьлядоўнасьці. Як вызначылі Альфа-варыянт? Вызначалі пасьлядоўнасьць РНК-вірусу. Гэта як сказ, у ім замяняюцца літары, што прыводзіць да ўзьнікненьня новых варыянтаў.

Іх потым адсочваюць, калі людзі імі заражаюцца хутчэй і яны выцясьняюць зыходны варыянт. Гэта адбываецца і ў Расеі, і ў Беларусі. Увесь час ідзе эвалюцыя вірусу, адбор варыянтаў, якія распаўсюджваюцца хутчэй. І што робіць вакцына? Яна гэта спыняе. Прышчэплены чалавек хварэе ў лёгкай форме і не пасьпявае заразіць шмат іншых людзей. Вірус праходзіць меней цыкляў размнажэньня, і тым меншая верагоднасьць, што зьявіцца новая мутацыя, якая зробіць яго яшчэ больш сьмяротным.

«Антыцелы пасьля хваробы можна параўнаць з ключом, які адмыкае замок, а вакцыну — з адмычкай»

— Як мікрабіёляг патлумачце, калі ласка: як працуюць вакцыны, якая адбываецца эвалюцыя вірусу, як ужо зробленыя вакцыны засьцерагаюць ад новых штамаў?

— Пры заражэньні вірусам на розныя бялкі вірусу ўзьнікаюць антыцелы. Антыцелы можна параўнаць з ключом, які адмыкае замок, і потым арганізм забівае вірус рознымі спосабамі. Вакцыну можна параўнаць з адмычкай. Вірус складаецца з пэўнай колькасьць бялкоў. Навукоўцы вызначаюць, на якія бялкі вірусу найчасьцей ствараюцца антыцелы ў людзей, якія перахварэлі. Вірус муціруе, замок становіцца крыху іншы, але паколькі вакцына — гэта адмычка, то яна падыходзіць і да новага замка таксама.

Кажуць часам, што вось новыя штамы, няма сэнсу ад іх прышчапляцца. Прышчэпка дзейнічае ня толькі супраць аднаго штама, але і супраць іншых штамаў таксама. У яе будзе меншая эфэктыўнасьць, паколькі гэтая адмычка не падыходзіць на 100%, а, скажам, на 80%. Тым ня менш гэтага хапае, каб аслабіць хваробу.

Многія людзі думаюць, што будзе ўнівэрсальная вакцына, і вірус проста спыніцца, што гэта будзе аднаразовая прышчэпка на ўсё жыцьцё, як ад вірусу воспы. На жаль, гэта так не працуе. Ня трэба чакаць ідэальнага рашэньня, трэба карыстацца тым рашэньнем, якое ёсьць. У Вялікай Брытаніі прышчапілася больш за 85% дарослага насельніцтва, сьмяротнасьць скарацілася ў дзясяткі разоў. Фактычна пандэмію перавялі ў рэжым эпідэміі грыпу (ад грыпу людзі таксама паміраюць, але значна менш), зьнізілі да ўзроўню, які для грамадзтва ў дадзены момант прымальны.

Гэта вынік вакцынацыі. А калі вялікая частка грамадзтва не вакцынуецца зь любых прычын (недавер да ўладаў, недавер да саміх прышчэпак ды іншыя), то такое грамадзтва жыве ў рэжыме, калі ўсе шпіталі перапрафіляваныя, калі людзі ня могуць нармальна лячыць іншыя хваробы.

Стаўленьне дактароў да прышчэпак вельмі ўплывае на стаўленьне грамадзтва ў цэлым. У Брытаніі дактары першымі прышчапіліся, не было ніводнай адмовы. У той жа час мне расказваюць, што ў Беларусі дактары старэйшага веку раілі людзям не прышчапляцца і казалі, што самі не прышчапляюцца.

«Прышчэпка — нашмат мацнейшы стымул, чым зыходны вірус»

— Ня толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы даволі моцны рух антыпрышчэпнікаў і даволі вялікі недавер да вакцынацыі, адрозна ад краінаў ЭЗ і Вялікай Брытаніі, дзе паціху пачынаецца вяртаньне да ранейшага жыцьця. Маглі б вы навукова абвергнуць найбольш распаўсюджаныя міты наконт вакцынацыі?

— Ёсьць міт, што калі малады і здаровы, ня трэба прышчапляцца. Калі ты малады і здаровы, то, найхутчэй, хвароба пройдзе ў лёгкай форме. Але гэта не выключае выпадкаў, калі людзі хварэюць вельмі цяжка, і нават калі не паміраюць, то ёсьць так званы «доўгі ковід», калі вельмі цяжкія наступствы. Гэта як лятарэя, як пераходзіць дарогу на чырвонае сьвятло. Вялікая верагоднасьць, асабліва калі ўначы пераходзіце, што нічога з вамі ня здарыцца. Аднак рана ці позна вы, найверагодней, трапіце пад машыну.

Чым лягчэй вы перахварэлі на каранавірус, тым большая верагоднасьць, што вы перахварэеце другі і трэці раз. Калі імуннай сыстэме ўдалося лёгка перамагчы вірус, то імунны адказ ня вельмі моцны. У вас будзе невялікі ўзровень імуннага адказу супраць зыходнага штаму, а ёсьць новы штам, супраць якога ў вас абароны няма.

Вы пытаецеся: а прышчэпка ж таксама супраць старога штаму? Чаму я буду лягчэй хварэць на новы штам? Справа ў тым, што прышчэпка — гэта нашмат мацнейшы стымул, чым зыходны вірус. Пасьля прышчэпкі «Спутнікам» людзі даволі часта скардзяцца на высокую тэмпэратуру цягам аднаго-двух дзён. Гэта непрыемна, але гэта паказвае, што імунная сыстэма выпрацоўвае моцны адказ. Я бачыла дасьледаваньні, якія сьведчаць, што пасьля прышчэпкі ўзровень антыцелаў у 10 разоў вышэйшы, чым калі чалавек перахварэў у лёгкай форме. І імунны адказ захоўваецца даўжэй, чым калі вы проста перахварэлі, асабліва ў лёгкай форме.

Ёсьць выбар паміж тым, каб у выніку прышчэпкі перахварэць у лёгкай форме, і тым, каб трапіць у перапоўнены шпіталь, як гэта ў Беларусі цяпер адбываецца, ці трапіць на ШВЛ, ад якога часта мала выніку, і нават калі чалавек выздаравеў, у яго часта пашкоджаныя лёгкія. Навошта гуляць у лятарэю — пранясе ці не пранясе? Пры гэтым варта не забываць пра родных і знаёмых, якім можна прынесьці вірус, калі вы яго бессымптомна распаўсюджваеце, і пажылыя родныя гэтага могуць не перажыць. Калі вы не баіцеся за сябе, можа, баіцеся за сваіх родных.

Асноўны міт — што вакцына ня выпрабаваная, экспэрымэнтальная. Пра гэта можна было гаварыць год таму. Цяпер усімі вакцынамі ўжо прышчапіліся мільёны людзей, у тым ліку «Спутнікам» і Sinovac’ам. Вядома, як яны працуюць, вядомая іх эфэктыўнасьць і іх пабочныя эфэкты. Мала якія вакцыны былі так выпрабаваныя, як цяперашнія. У Расеі прышчэпленыя дзясяткі мільёнаў людзей, і масавай сьмяротнасьці няма. І яе не змаглі б схаваць, нават калі б хацелі. Яе няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG